«Сілавікі не ўмеюць узаемадзейнічаць з іншымі па-чалавечы — гэты час скончыўся»

Вядомы педагог Дзмітрый Зіцэр расказаў, чаму ён выступае супраць урокаў пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў школе і што адбываецца з дзецьмі, калі сілавікі прыходзяць у навучальныя ўстановы.

img_2984_1_logo.jpg.webp

— Тым, хто кажа «нічога страшнага, калі маіх дзяцей ставяць у шыхт, вучаць страляць, ну, што ж», напэўна, гэтым людзям трывожыцца аб мілітарызацыі ў школах не варта, — сказаў педагог Дзіма Зіцэр у эфіры «Звычайнага ранку». — А яны пры гэтым яшчэ выкарыстоўваюць аргумент «у нас таксама так было, і нічога, вырас нармальным чалавекам».

А хто вызначае, ці вырас ён нармальным?

Я не лічу, што тыя, хто праходзіць пачатковую ваенную падрыхтоўку, выраслі на 100% нармальнымі людзьмі. Гэта траўміраваныя людзі, якія, хутчэй за ўсё, прывыклі ўставаць у шыхт па волі іншага чалавека і падпарадкоўвацца такім чынам — хтосьці больш, хтосьці менш.

А калі мэта гэтых людзей (дзяржавы дык дакладна), каб дзецям перадалі менавіта гэты мэсэдж, тады яны на правільным шляху.

Чаму нас вучаць урокі ПВП? Не, не бяспецы. Наадварот, несці небяспеку. Як толькі мы вымаўляем абрэвіятуру ПВП, то разумеем, што знаходзімся ўнутры ідэалагічнага мэйнстрыму.

Зіцэр таксама пракаментаваў публічнае затрыманне адзінаццацікласніка ў добрушскай школе. Мясцовы пракурор выказаў надзею, што гэта зрабіла ўражанні на іншых школьнікаў.

— У публічных затрыманнях адназначна пасланы мэсэдж, што вы ніхто і не вам вырашаць, што і калі будзе з вамі адбывацца. Плюс да гэтага — гэта прамое запалохванне дзяцей. У гэтым ёсць адкідванне прэзумпцыі невінаватасці, і нават у пэўным сэнсе катаванні. Тут усё да кучы — хапацца няма за што.

Гэта поўнае разбурэнне маральнага базісу. І ў дзяцей у гэты момант страх. Сілавікі не ўмеюць узаемадзейнічаць з іншымі па-чалавечы — гэты час скончыўся.

Паводле «Салідарнасці»