«Схуднеў, навучыўся гуляць у нарды з хлеба, трымаецца бадзёра» — падрабязнасці пра палітвязня Аляксандра Івуліна
«Трыбуне» ўдалося атрымаць некаторыя звесткі пра ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, куды журналіста перавялі вечарам 2 ліпеня.
![20210327114915.jpg 20210327114915.jpg](/img/v1/images/20210327114915.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Журналіста «Трыбуны», футбаліста «Крумкачоў» і інтэрнэт-блогера Аляксандра Івуліна абвінавачваюць па частцы першай артыкула 342 КК РБ, якая карае за «арганізацыю, падрыхтоўку або актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Івуліну пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
«Трыбуне» ўдалося атрымаць некаторыя звесткі пра ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, куды журналіста перавялі вечарам 2 ліпеня. Вось чым падзялілася крыніца, знаёмая з сітуацыяй:
«Ён [Івулін] у парадку, наколькі гэта ўвогуле магчыма ў такім месцы. Кожны дзень — зарадка, размінка, расцяжка, як дазваляюць умовы "хаты", прычым у "красаўскіх" тапках. Вядома, месяц у ЦІПе (Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. — Tribuna.com) не мог прайсці незаўважна: схуднеў і аброс як маджахед, толькі руды. Але ён моцны духам, трымаецца бадзёра, пазітыўна.
Пры пераходзе з ЦІПа у ІЧУ ён паспеў перахапіць са сваёй перадачы камплект бялізны, ручнік, зубную пасту і шчотку. Шампунь яму пакінуў сукамернік, а мыла давалі».
У няволі Івулін навучыўся гуляць у нарды (яны зроблены з хлеба, а дошка прадрапаная на лаўцы). Умовы ў ІЧУ на Акрэсціна — вельмі жорсткія:
- перадачы не аддаюць;
- няма матрацаў і падушак — людзі спяць на голых дошках;
- выводзяць з камеры ў асноўным «ластаўкай».
Зрэшты, у ЦІПе, дзе журналіст адбываў адміністрацыйны арышт, сітуацыя яшчэ горшая. Калі ў ІЧУ колькасць зняволеных у камерах звычайна адпавядае колькасці месцаў, то ў ЦІПе Івулін знаходзіўся ў камерах, разлічаных на 4-6 арыштантаў, куды змяшчалі 15-20 чалавек, у асноўным, «палітычных», але дадавалі бамжоў — для «вастрыні адчуванняў».
Паводле інфармацыі крыніцы, Аляксандра ў ноч на суботу, 10 ліпеня, перавезлі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Там, кажуць, ёсць небывалыя для Акрэсціна рэчы — матрацы і бялізна, паходы ў душ і нават тэлевізар. Так што ёсць верагоднасць, што Івулін бачыў, як Італія выйграла чэмпіянат Еўропы.
Таксама Івулін дзякуе ўсім, хто яго падтрымлівае. За стан сваіх родных і сяброў, у якіх крымінальнае абвінавачанне журналіста выклікала шок, ён перажывае больш, чым за свой уласны.