Штомесячнае ўшанаванне памяці ахвяраў сталінізма ў Курапатах
29 лістапада ва ўрочышчы Курапаты, што знаходзіцца на паўночна-усходнім ускрайку Мінска, адбылося традыцыйнае ўшанаванне памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізма. Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі 13 дэмакратычных актывістаў.
Удзельнікі ўшанавання зачытваюць імёны ахвяраў сталінізма
Прадстаўнікі грамадскасці агучылі каля 200 з 5.772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920-1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Першыя больш за 300 імёнаў ахвяр былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка 2012 года, далей спіс агучваўся на працягу мінулага і бягучага гадоў.
Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, песнямі беларускага нацыянальнага адраджэння ўшанавалі памяць бязвінна забітых людзей.
Актывіст грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу «Курапаты», былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі назваў «амаральным» адзінагалоснае рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, якая 27 лістапада ўзгадніла праект ахоўных зон Курапат.
Ён звярнуў увагу на небяспечную пагрозу народнаму мемарыялу з усходняга боку, дзе на полі паміж урочышчам і вуліцай імя Пятра Мірашнічэнкі запланавана будаўніцтва выставачнага комплексу. «Гэтым планам пакуль замінае адсутнасць сучасных транспартных камунікацый. Але гісторыя народнага мемарыялу ў апошнія дзесяцігоддзі, поўнае знішчэнне ў 2011 годзе ў сталічным раёне Сцяпянка былой дачы наркама ўнутраных спраў БССР Лаўрэнція Цанавы і іншыя падзеі выклікаюць сумненне, што сённяшнія беларускія ўлады будуць належных чынам адносіцца да Курапатаў», — падкрэсліў Уладзімір Раманоўскі.
Актывіст аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор перадаў удзельнікам ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму прывітанне ад актывістаў руху салідарнасці «Разам», якія на Украіне — ва Львове і на Еўрамайдане ў Кіеве — праводзілі акцыі да Дня герояў — 27 лістапада. У гэты дзень беларуская дэмакратычная грамадскасць штогод адзначае пачатак Слуцкага збройнага чыну 1920 году. Дабратвор выказаў упэўненасць, што актывісты руху заўсёды будуць прымаць удзел у традыцыйных ушанаваннях ахвяраў сталінізму ў Курапатах, якія ладзяцца 29 чысла кожнага месяца.
За ўшанаваннем наглядалі два міліцыянты.
Наступнае ўшанаванне ў Курапатах адбудзецца 29 снежня а 17.00.
.
- .
- Выступае Уладзімір Раманоўскі. Правей яго — Ілля Дабратвор.