Сацыёлаг Таццяна Вадалажская адправілася да месца адбывання пакарання
7 чэрвеня 2022 года калезе Уладзіміра Мацкевіча прысудзілі 2,5 гады «хіміі» з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Цяпер яна будзе знаходзіцца ў папраўчай установе адкрытага тыпу №1 у горадзе Брэсце.
Але, як піша Фэйсбук Уладзіміра Мацкевіча, пазітыў не пакідае Таццяну і яна перадае ўсім шчырыя вітанні: «Удзячная ўсім, хто падтрымліваў і падтрымлівае, дорыць сяброўства і цеплыню. Наш час такі, што свет шукае новых сэнсаў, новых адказаў на пытанні, новай сістэмы каардынат, і гэта ўсё павінны зрабіць мы. Самі. Дапамогуць нам мысленне, унутраны стрыжань і Беларусь. На тое і спадзяюся».
Упершыню Таццяна Вадалажская была затрымана пасля ператрусу 4 жніўня 2021 года і атрымала 10-сутачны арышт. Яе адпусцілі 14 жніўня ў статусе падазраванай па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Вадалажскую некалькі разоў выклікалі на допыт у Следчы камітэт. У сакавіку яна звярнулася ў СК па дазвол паехаць у Літву на лячэнне, 23 сакавіка накіравалася ў СК за адказам, але ёй прад’явілі пастанову аб узяцці пад варту.
7 чэрвеня суддзя Алег Каляда вынес Таццяне Вадалажскай прысуд — 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Гэта столькі, колькі і прасіў дзяржабвінаваўца.
Таццяна Вадалажская — праграмны каардынатар ініцыятывы «Лятучы ўніверсітэт», якую прасоўваў філосаф і метадолаг, палітвязень Уладзімір Мацкевіч. Таксама яна член міжнароднага грамадскага аб’яднання «ЕўраБеларусь» (рэгістрацыя ў Літве). Летась у жніўні ў актывістаў гэтага аб’яднання прайшлі ператрусы. Таксама Вадалажская супрацоўнічала з Агенцтвам гуманітарных тэхналогій і Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.