Рух «За Свабоду» заснаваў прэмію імя Віктара Сырыцы

Рашэннем Рады Руху «За Свабоду» заснаваная прэмія імя Віктара Сырыцы у памяць пра выбітнага дзеяча нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі. Ёй будуць уганароўвацца аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны.

preview_9.jpg


«Віктар Сырыца, які год таму пайшоў з жыцця, быў асобай, вядомай не толькі ў Баранавічах. Ён усё жыццё аддаў асвеце, беларушчыне. Віктар быў выкладчыкам, арганізатарам фэстаў і мерапрыемстваў па нацыянальным адраджэнні і папулярызацыі беларускай мовы, сабраў культурны асяродак. Мы прынялі рашэнне ўшанаваць ягоную памяць праз заснаванне прэміі», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, прадстаўляючы праект палажэння пра прэміяй перад Радай.
Па ягоных словах, стварэнне прэміі прадугледжвае дазвол на выкарыстанне імя ад сям’і, і гэтая згода была атрыманая.
«Сэнс прэміі у тым, каб знаходзіць, выяўляць рэгіянальныя культурніцкія ініцыятывы, якія часам не заўважныя на нацыянальным узроўні, але маюць вялікае значэнне для мясцовай супольнасці», — патлумачыў Губарэвіч.
Прапановы намінантаў на прэмію высоўваюцца сябрамі Рады Руха «За Свабоду» і структурамі арганізацыі, сказана ў палажэнні, прынятым радай. Галасаванне за кандыдатаў будзе весціся да 25 лютага, прэмія будзе ўручацца 5 сакавіка, у дзень народзінаў Сырыцы. Грашовая частка прэміі будзе фарміравацца за кошт добраахвотных ахвяраванняў.
Рада прызначыла каардынатарам прэміі сябра Рады з Баранавічаў Анэлю Камбалаву.
Паводле pyx.by