«Рэжым апусціўся да марадзёрства». Ціханоўская пракаментавала выстаўленне кватэры яе сям'і на таргі
Учора стала вядома, што мінскую кватэру сям'і Святланы Ціханоўскай улады хочуць прадаць з малатка. Уласнікам жылля з'яўляецца Сяргей Ціханоўскі, які цяпер адбывае вялізны тэрмін пакарання па гучнай палітычнай справе. Святлана Ціханоўская пракаментавала сітуацыю з продажам кватэры.
Святлана Ціханоўская пацвердзіла, што кватэра на праспекце
Незалежнасці ў Мінску, якую ў пятніцу выявілі выстаўленай на аўкцыён, належыць
яе сям'і. Прэс-служба палітыка перадала «Л*стэрку» яе каментар.
— У гэтай кватэры мы з Сяргеем і нашымі дзецьмі правялі шмат
добрых і радасных дзён. Як бы гэтыя людзі ні стараліся пазбавіць нас сям'і,
любові і памяці, у іх не выйдзе — кожны момант шчасця застаецца з намі, —
падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
— Ну, а рэжым ужо апусціўся да марадзёрства і бандытызму.
Вось у што ператвараюцца палітыкі, якія страцілі легітымнасць: дзеля выжывання
яны ідуць на ваенныя злачынствы, упякаюць нявінных людзей у турмы, адпраўляюць
іх дзяцей у дзіцячыя дамы, крадуць маёмасць, грамяць домы. Гэта не мае нічога
агульнага з тым, якога жыцця заслугоўваюць беларусы — і якім стане будучыня нашага народа: мірнай, бяспечнай і абароненай законам.
Да таго ж і мы, і суседзі, і ўсе навокал ведаюць, чый гэта
дом. І калі гэтая кватэра дастанецца камусьці з рэжыму — уяўляю, як ім будзе
жыць у гасцях у Сяргея Ціханоўскага, — адзначыла кіраўнік Аб'яднанага
пераходнага кабінета.
Трохпакаёвая кватэра па адрасе праспект Незалежнасці, 137/2,
якая належыць Сяргею Ціханоўскаму, выстаўленая ўладамі на аўкцыён, які
адбудзецца 6 сакавіка. Пачатковая цана кватэры — 214 860 рублёў, або каля 76
тысяч долараў. Плошча кватэры 66 квадратаў, яна прадаецца часткова з мэбляй і
тэхнікай. У ёй дагэтуль прапісаныя Ціханоўскія і іх маленькія дзеці.
Улады спрабуюць прадаць кватэру ў мэтах кампенсацыі шкоды,
якую Сяргей Ціханоўскі нібыта нанёс. Паводле прысуду, ён і іншыя фігуранты
справы павінны выплаціць 2,5 млн рублёў — кампенсацыю аплаты «супрацоўнікам
Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых
пратэстаў». Блогер прысуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі, але цяпер яго
судзяць зноў. Акрамя таго, 17 студзеня гэтага года ў Мінску пачаўся завочны
працэс над Святланай Ціханоўскай.