«Рэйкавая вайна». Пад Бабруйскам патруль абстраляў на чыгунцы групу «партызанаў»

Пад Бабруйскам патруль унутраных войскаў абстраляў на чыгунцы групу партызанаў. Аднак апошнім удалося ўцячы з месца правядзення акцыі, паведамляюць чыгуначнікі.

zhd_lida_krazha.jpg

Здарэнне адбылося ўначы 30 сакавіка каля прыпынку Бабіна на чыгунцы ў Бабруйскім раёне (участак Асіповічы — Жлобін). Там удзельнікі «рэйкавай вайны» ўскрылі дзве рэлейныя шафы. Адну з іх яны паспелі падпаліць. У гэты час група байцоў унутраных войскаў, якая знаходзілася ў лесапаласе і мусіла ахоўваць згаданае абсталяванне, адкрыла агонь з баявой зброі. Але «партызаны» не пацярпелі і сышлі ад пераследу.

Спецназ унутраных войскаў пачаў ахоўваць абсталяванне на чыгунцы ў Беларусі пасля пачатку «рэйкавай вайны» — «партызаны» ствараюць перашкоды для руху цягнікоў з расійскай ваеннай тэхнікай. Апошнія дыверсіі адбыліся пад Барысавам і Асіповічамі.