Рэформа ЖКГ і не толькі. Чым запомніўся Андрэй Шорац на пасадзе кіраўніка Мінска
Сёння Аляксандр Лукашэнка зняў Андрэя Шорца з пасады старшыні Мінгарвыканкама. У сувязі з гэтым tut.by ўспамінае, чым за чатыры гады ён запомніўся на гэтай пасадзе.
Андрэй Шорац нарадзіўся ў 1973 годзе ў Віцебску. Жанаты, двое дзяцей. Скончыў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання. Працаваў у тым ліку на розных пасадах у Віцебскім аблвыканкаме, дзе дарос да пасады начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2010-2011 гадах працаваў намеснікам міністра ЖКГ. З 2011 па лістапад 2014-га — міністрам ведамства. 6 лістапада 2014 года прызначаны старшынёй Мінгарвыканкама.
Па словах Лукашэнкі, пытанне замены старшыні Мінгарвыканкама стаіць даўно. Але канчатковай прычынай адстаўкі стаў учорашні разнос кіраўніка дзяржавы на нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу. Лукашэнка сказаў, што Шорац не прадухіліў сітуацыю, калі адзін або некалькі чалавек скупілі 64 кватэры ад камунальнага забудоўшчыка, а потым перапрадалі іх даражэй. А ўжо сёння пасаду старшыні Мінгарвыканкама заняў былы міністр транспарту Анатоль Сівак.
Галоўнай задачай Шорца на новай пасадзе было рэфармаванне сістэмы ЖКГ у сталіцы, каб у далейшым перанесці гэты вопыт на ўсю краіну.
За чатыры гады ў мінскай сістэме ЖКГ падзялілі функцыі заказчыка і падрадчыка. Так, раённыя ЖРЭА перайменавалі ў КУП «Жыллёвая камунальная гаспадарка» і перавялі на гаспадарчы разлік. ЖЭСы ператварылі ў жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі (ЖЭУ). Функцыі работнікаў падзялілі, а тэхабслугоўваннем дамоў заняліся хаус-майстры. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, за 2016 год зэканомлена 29 мільёнаў.
Акрамя таго, у Мінску з'явілася служба 115 і сайт 115.бел, праз які гараджане могуць паведамляць аб той ці іншай праблеме і сачыць за яе рашэннем.
І гэтая рэформа, мабыць, атрымала адабрэнне наверсе. Бо, як і задумвалася першапачаткова, яе вопыт вырашана перанесці на ўсю краіну да канца 2018 года. А сайты 115.бел і адзіная служба 115 пачалі з'яўляцца ў рэгіёнах яшчэ раней.
Акрамя рэформы ЖКГ Шорац запомніўся на пасадзе старшыні Мінгарвыканкама вось гэтымі ініцыятывамі:
- Па яго ініцыятыве ў Ратушы пачалі праводзіць дні нацыянальных культур, ды і наогул Верхні горад стаў нарэшце-то жывым. Там таксама абмежавалі паркоўку;
- Дзякуючы яму ў сталіцы пачалі будаваць тыпавыя басейны і стварылі вялікі парк экстрэмальных відаў спорту. Па ініцыятыве Шорца ў Мінску стала з'яўляцца і больш муралаў;
- Дзякуючы яму мясцовая ўлада худа-бедна выйшла ў сацыяльныя сеткі;
- Па ініцыятыве Шорца ў Мінску пачалі ўпарадкоўваць вонкавую рэкламу. Праўда, пакуль галоўны ўпор сканцэнтраваны на праспекце Пераможцаў;
- У сувязі з яго кадравай палітыкай у мясцовай вертыкалі стала шмат маладых і актыўных чыноўнікаў. Асабліва гэта тычыцца некаторых кіраўнікоў раёнаў і намеснікаў старшынь гарвыканкама;
- Сам быў публічным кіраванцам у добрым сэнсе гэтага слова. Быў адкрытым для журналістаў і не бегаў ад людзей. Часта з'яўляўся на публіцы з жонкай і дзецьмі.
Ды і наогул, пры Шорцы Мінск прыкметна ірвануў наперад. У нас з'явіліся гатэлі, фастфуды і крамы адзення міжнародных сетак, імкліва пачало развівацца мясцовае грамадскае харчаванне, набылі іншыя маштабы месцы моладзевых тусовак накшталт Зыбіцкай і Кастрычніцкай. У сталіцы скарацілася колькасць даўгабудаў і з'явіліся электробусы. Якая ў гэтым заслуга кіраўніка Мінска — пытанне адкрытае.
Але шмат чаго ў сталіцы не памянялася. Меркавання людзей па-ранейшаму не пытаюцца пры будаўніцтве буйных аб'ектаў (накшталт бізнес-цэнтра на Кастрычніцкай плошчы), метро будуецца павольна, зялёныя насаджэнні высякаюць, наземны транспарт патрабуе больш хуткага абнаўлення, не вырашана праблема забяспечанасці школамі і дзіцячымі садамі. Праўда, ці хапае паўнамоцтваў у прызначанага старшыні мінскага гарвыканкаму для вырашэння гэтых усіх праблем — пытанне таксама адкрытае.