Рэчычанка падала ў суд на аддзел ідэалогіі
Былая дырэктарка дома культуры вёскі Азершчына (Рэчыцкі р-н) Людміла Грызунова звярнулася ў суд з зыскам аб спагнанні маральнай і матэрыяльнай шкоды з аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкаму.
У 2015 годзе яна была звольнена з пасады дырэктаркі пасля 22 год бездакорнай працы. Падставаю паслужылі дзве вымовы, якія ёй былі вынесены супрацоўнікамі Рэчыцкага райвыканкаму. Сп.Людміла аспрэчыла вымовы ў судзе. Паўгады доўжыліся працэсы па справе і суд прызнаў вымовы неабгрунтаванымі. Але на працы былую дырэктарку не аднавілі. Паўгады Людміла Грызунова шукала працу.
“У гэты час я зразумела сэнс выказу “харчавацца святым духам”, — узгадвае Людміла Грызунова. — У мяне яшчэ дачка была на той момант студэнткай. Не было каму дапамагчы, мы сядзелі без кавалка хлеба, без ежы. Адзін працаўнік райвыканкаму мне прызнаўся пазней, што ён абтэлефаноўваў усё арганізацыі і казаў, каб мяне не бралі на працу. І мяне нідзе не бралі нават прыбіральшчыцай. Я бывала ішла і марыла знайсці бульбінку, зварыць яе ў мундзіры і з’есці”.
З дапамогай праўдстаўніка кіраўніка краіны па Гомельскай вобласці пасля шматлікіх калектыўных зваротаў удзельнікаў мастацкіх калектываў Людмілу Грызунову прызначаюць на пасаду мастацкага кіраўніка ў гарадскі палац культуры ў Рэчыцы. Але спакойна працаваць не даюць.
“Перад кожным масавым гарадскім святам адбываецца адно і тое ж: мне зрываюцца рэпетыцыі, не даюць касцюмы, я вымушана шыць іх за свой мізэрны заробак, знікаюць, псуюцца фанаграмы, — распавядае Людміла Грызунова. — У мяне пастаянны стрэс з-за гэтай дзікай сітуацыі: пачало чухацца цела, я пакрылася язвамі. Лекары ставілі розныя дыягназы, але прыйшлі да высновы, што гэта наступствы стрэса”.
Некалькі месяцаў таму Людміле Грызуновай далі рэпетыцыйнае памяшканне (гадамі яна была змушана са сваімі калектывамі бадзяцца па горадзе) у падвале, дзе павышаная вільготнасць, грыбок, цвіль.
“У падвале вельмі цяжкое паветра, — кажа ўдзельніца мастацкага калектыву “Жывіца” Ларыса Шаверына. — Дыхаць няма чым, людзі кашляюць, у горле пяршыць. Не даюць Людміле Уладзіміраўне — нашаму кіраўніку працаваць. Колькі можна так прасаваць чалавека. Гэта помста загадчыцы аддзела культуры Святланы Краўчанкі за папярэднія суды, дзе Грызунова даказала, што вымовы былі неабгрунтаванымі. Супрацоўнікі палаца культуры выконваюць каманды Краўчанкі, бо баяцца каб іх не звольнілі”.
“Гэта робіцца наўмысна, каб Уладзіміраўну — нашага кіраўніка прыбраць з палаца культуры і паставіць свайго чалавека, — кажа ўдзельнік калектыву “Жывіца” Аляксей. — Зрываюць нашы выступы, прыходзяць, пачынаюць нервы псаваць, у нашай прысутнасці абражаюць яе, кажуць, што няправільна нешта робіць, не таленавітая. Трэба з гэтай сітуацыяй разабрацца кіраўніцтву рэчыцкага райвыканкаму і дырэкцыі палаца культуры”.
Не вытрымаўшы пастаяннага псіхалагічнага прэсінгу Людміла Грызунова вырашае падаць у суд на аддзел ідэалогіі райвыканкаму, каб спагнаць маральную і матэрыяльную шкоду за “псіхалагічны тэрор, бясконцую крытыку ў мой адрас, прыніжэнне прафесійнага гонару і годнасці, мобінг на працы" — адзначана ў зыскавай заяве.
На суд падтрымаць мастацкага кіраўніка прыйшлі ўдзельнікі калектыву “Жывіца”, якім кіруе сп. Грызунова.
“Яна цудоўны кіраўнік, лепшая арганізатарка канцэртаў, — кажа рэчычанка Алена Карабанёва. — Усе гледачы задаволены яе мерапрыемствамі, не гледзячы на тое, што зрываюць рэпетыцыі”.
“Яна класны кіраўнік, з якім лёгка працаваць, — дадае ўдзельнік калектыву “Жывіца” Уладзімір Хмельніцкі. — Яна стараецца працаваць, але ёй не даюць. Мы мусім рэпетаваць у падвальным памяшканні дзе вільготна і сыра”.
"У Людмілы на нервовай глебе здарыўся мікраінсульт, — кажа Валянціна Грызунова. — У яе дагэтуль рукі і ногі трымцяць. Бачыла як яна пастаянна плакала. Паўтары гады яе правяралі, а потым пакінулі без хлеба”.
Суд па зыску Людмілы Грызуновай да аддзела ідэалогіі працягнецца 14 жніўня.
Ларыса Шчыракова, gomelspring.org
Фота аўтара