«Радыенукліды могуць даляцець да Мінска», — фізік-ядзершчык пра пагрозу выбуху на Запарожскай АЭС

У ноч на 4 сакавіка расійскія войскі атакавалі Запарожскую АЭС, якая знаходзіцца ў Энергадары. На станцыі адбыўся моцны пажар, але ні адзін з рэактараў не быў пашкоджаны. У баі загінулі трое ўкраінскіх салдат. Расійская армія ўзяла АЭС пад кантроль.

Андрэй Ажароўскі. Фота: facebook.com

Андрэй Ажароўскі. Фота: facebook.com


Упершыню ў гісторыі падчас войнаў аб’ектам захопу робяцца атамныя станцыі. Пра пагрозу ад баявых дзеянняў у непасрэднай блізкасці ад АЭС «Свабода» пагаварыла з вядомым расійскім фізікам-ядзершчыкам Андрэем Ажароўскім.

«Рэактары пад каўпаком, але гэта не браня»

«Небяспека ў тым, што ў выніку ваенных дзеяньняў блізу ядзернай інфраструктуры, пагатоў каля дзеючых АЭС, рэактары могуць быць пашкоджаныя наўмыснымі ці ненаўмыснымі абстрэламі. Найгоршы сцэнар — калі сістэма залпавага агню, знарок ці выпадкова, скажам, праз памылку аператара ці наводчыка, накрывае ці сховішча адпрацаванага ядзернага паліва, якое ёсць на Запарожскай АЭС, ці адзін з шасці рэактараў, ці ўсе шэсць.

Магчымы сцэнар выбуху на Запарожскай АЭС

Магчымы сцэнар выбуху на Запарожскай АЭС


Рэактары закрытыя бетонным каўпаком, адпрацаванае ядзернае паліва ў бетонных кантэйнэрах, але гэта не браня. Яны не вытрымаюць трапляння буйнакаліберных снарадаў. Нават існуе думка, што не вытрымаюць і трапляння снарадаў калібру звыш 150 міліметраў, то-бок абсалютна звычайных узбраенняў. Усё гэта можа прывесці да пашкоджання ахоўных абалонак», — кажа Ажароўскі.
Спецыяліст нагадвае, што Запарожская АЭС ужо дастаткова старая, пабудаваная ў 1970-я, таму якасць абарончага каўпака там зусім невысокая. Ажароўскі згаджаецца, хай і з пэўнымі нюансамі, са словамі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, што пагроза ад выбуху ў Энергадары ў шэсць разоў вышэйшая, чым ад Чарнобылю.
«Начны кашмар — калі адзін залп „Урагана“ праз памылку зносіць усе шэсць рэактараў», — гаворыць фізік.

«Гэта руская рулетка»

Паводле яго слоў, наступствы ад выбухаў на постсавецкіх АЭС добра пралічылі аўстрыйскія навукоўцы ў рамках праекта «FlexRISK».
«Праўда, яны гэта рабілі на выпадак выбуху самога па сабе, як было ў Чарнобылі, а не ад баявых дзеянняў. Калі коратка, то магчымае сур’ёзнае заражэнне глебы праз выпадзенне цэзію-137 за некалькіх соцень кіламетраў ад месца выбуху. Кірунак забруджвання залежыць ад кірунку ветру. Адзінае адрозненне ад Чарнобылю — там выкіды ішлі цягам 12-13 дзён у выніку графітавага пажару, а тут рэактары з вадой пад ціскам і ў выпадку разгерметызацыі выкід будзе дастаткова кароткім.

Магчымы сцэнар выбуху на Запарожскай АЭС

Магчымы сцэнар выбуху на Запарожскай АЭС


Гэтая пякельная сумесь, якую ўтрымлівае корпус рэактара, пры разбурэнні выкідваецца ўгору, прыкладна чвэрць змесціва рэактара трапляе ў навакольнае асяроддзе, і ўсё залежыць ад кірунку ветру. Цяпер я гляджу некалькі мапаў, ёсць варыянт у кірунку Беларусі, радыенукліды могуць даляцець нават да Мінска, ёсць — да Курска, ёсць — на Малдову. Гэтая такая руская рулетка. Для Беларусі гэта не самыя прыемныя навіны, а для Расіі яшчэ больш непрыемныя», — гаворыць спецыяліст.
Пры гэтым Ажароўскі падкрэслівае, што для Беларусі большую пагрозу нясуць Хмяльніцкая і Ровенская АЭС, якія нашмат бліжэй да мяжы.

«Ёд дапамагае, але не піце настойкі ёду»

Цяпер шмат размоў у інтэрнэце пра ёд — ці можа ён дапамагчы ў выпадку выбуху на АЭС. Ажароўскі кажа, што так.
«У выпадку разгерметызацыі дзеючага рэактара там сапраўды вялікія запасы радыеактыўнага ёду, ёдная прафілактыка дапамагае, яна бяспечная, калі яе рабіць разумным чынам. Трэба ці купіць у аптэцы таблеткі ёдыда калію, ці выкарыстоўваць звычайную настойку, памазаўшы запясце, каб арганізм праз скуру папоўніў запасы ёду. Галоўнае — не піць настойку, якая прызначана для вонкавага ўжывання.
Ні ў якім разе нельга ўжываць алкаголь, ён ніяк не дапамагае ад радыяцыйнага ўздзеяння, а наадварот, пагаршае якасць прыняця рашэньняў — гэта вельмі важна».
Таксама фізік акцэнтуе ўвагу, што пры наяўнасці ў гаспадарцы дазімэтра варта сачыць за радыяцыйным фонам. Гэта можа дапамагчы заўважыць радыяцыйнае воблака, якое будзе праходзіць над вашым населеным пунктам.
«Калі вы ўпэўнены, што воблака над вамі, то задача, каб радыенукліды не трапілі ўнутр арганізму, не трапілі ў ваша жытло. Трэба зачыніць дзверы і вокны, загерметызаваць выцяжку, не выходзіць на вуліцу. Калі выходзіце, то пакідайце абутак звонку і надзявайце маскі, яны хоць троху фільтруюць часцінкі. Воблака пройдзе, усё застанецца ў глебе, але найважнейшае — каб радыенукліды не трапілі ўнутр чалавека. Успамінаем урокі грамадзянскай абароны, глядзім рэкамендацыі на сайтах МНС, там усё слушна распісана».

«Чарнобыльская АЭС небяспечная і сёння»

Таксама вядома, што яшчэ ў першыя дні вайны расійскі бок захапіў Чарнобыльскую АЭС. Ці існуе сёння пагроза адтуль? Або Чарнобыль ужо цалкам бяспечная станцыя?
«Вядома, Чарнобыльская АЭС нясе небяспеку і сёння. Чарнобыльская станцыя — гэта не толькі закрыты новым каўпаком стары саркафаг. Гэта і тры рэактары ў стадыі вываду з эксплуатацыі. З іх выгружана паліва — гэта добрая навіна. З іх не выгружаны радыеактыўны графіт — гэта кепская навіна.
Рэактары не закрытыя аніякім каўпаком — гэта звычайныя будынкі, як завод. У выпадку разбурэння аднаго з рэактараў назапашаныя ў ім радыенукліды, трапляюць у наваколле і павялічваюць небяспеку для нас».
Ажароўскі падкрэслівае, што раней за АЭС у Чарнобылі сачылі ўкраінскія спецыялісты. Хто цяпер займаецца падтрыманнем гэтай складанай інфраструктуры, інфармацыі няма.
«Я падтрымліваю патрабаванне абвесціць нейтральную, неваенную зону хаця б у радыусе 20-30 км ад атамных станцый. Ёсць сур’ёзная рызыка заніжэння небяспекі, бо мы ў стане інфармацыйнай вайны. МАГАТЭ магло б праявіць сябе годна, калі б пасля захопу Чарнобыльскай АЭС адправіла назіральнікаў на атамныя станцыі Украіны. Гэта ў рамках мандата МАГАТЭ. Мы б мелі тады ўяўленне, які там радыяцыйны фон, і, магчыма, гэта спыніла б пэўных генералаў», — падсумоўвае Андрэй Ажароўскі.