«Прэзщыум», «Мшютэрства юстыцьп» — гэта на якой мове?
Грамадская актывістка Вікторыя Шаблінская на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала дзіўны адказ, які ёй прыйшоў ад галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.
Дзяўчына тры разы спрабавала зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне па абароне права ўласнасці і экалагічных правоў грамадзян «Ваколiца», але кожны раз атрымлівала адмову. Паводле яе запыта, суд запатрабаваў заключэнне ўпраўлення юстыцыі. Гэты дакумент паслужыў падставай для рашэння аб адмове ў дзяржрэгістрацыі. Аб яго існаванні каманда «Ваколiцы» даведалася пры азнаямленні з матэрыяламі справы.
Як распавяла Вікторыя ў паведамленні, «мы вырашылі зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне «Ваколiца». Для кансалідацыі барацьбы за права ўласнасці, для падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў, для занятку дабрачыннасцю, для перадачы свайго вопыту тым, каму ён патрэбны, для дома, для сям'і, для чыстага сумлення. Атрымаўшы трэцюю па ліку каламутную адмову ў рэгістрацыі, мы добра падумалі нашымі светлымі дванаццацью мазгамі і звярнуліся ў суд. Не надта верылі ў вынік, але разлічвалі на шоў. І мы яго атрымалі».
Вольга Беляўцова, старшыня арганізацыі, у каментару kyky.org распавяла, што копію гэтага заключэння накіравалі ў мінюст для дачы прававой ацэнкі і прыняцця мер.
Калі ўсё ж разабрацца, што напісана ў адказе, то можна прачытаць: па версіі ўпраўлення юстыцыі, былі парушэнні пры правядзенні з'езда аб'яднання. Адсутнічае інфармацыя аб разглядзе пытання аб зацвярджэнні назвы арганізацыі, аб надзяленні не менш за трох членаў кіруючага органа аб'яднання правам прадстаўляць інтарэсы арганізацыі ў рэгіструючым органе або судзе.
У адказе не змаглі правільна напісаць нават імя і прозвішча старшыні арганізацыі — Беляўцова Вольга Сяргееўна, аказваецца, «Белязщов Вольга сяргей} ша». А «Прэзідыум» ператварыўся ў «Прэзщыум». Здаецца, у набіраючага тэкст не было беларускай раскладкі, таму што ў тэксце няма ні адной «ў», а ўсе «і» замененыя то на клічнік, то на лічбу "1". Што перашкаджала ўключыць патрэбную раскладку ў пару клікаў, невядома.