Правайдэры маюць суткі, каб закрыць доступ да сайта «Спутник и погром»

25 студзеня стала вядома, што загадам ад 23 студзеня Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да расійскага сайта «Спутник и погром».

8_16.jpg

Як паведамляецца на сайце Мінінфарма, падставай паслужыла рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на рэсурсе sputnikipogrom.com. Рашэнне суда было прынятае з улікам экспертнага заключэння Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму.

Удзень 26 студзеня доступ да сайта застаецца часткова свабодным. У прыватнасці, з прыладаў, падключаных да мабільнага інтэрнэта аднаго з сотавых аператараў, зайсці на «Спутник и погром» ужо немагчыма. А праз ADSL злучэнне сайт адчыняецца.

«У пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг ёсць суткі для таго, каб абмежаваць доступ да гэтага сайта. Мінінфарм выдае загад, мы размяшчаем інфармацыю на сваім сайце. Правайдэры яе атрымліваюць і абмяжоўваюць доступ», ― тлумачаць у Аддзеле інфармацыйных тэхналогій БелГІЭ ― рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве па наглядзе за электрасувяззю.

Рэдактары сайта «Спутник и погром» тым часам прысвяцілі рашэнню Мінінфармацыі Беларусі цэлы артыкул пад назвай «Республика Беларусь» запретила «Спутник и Погром» (у арыгінале назва нашай краіны ўзята ў кавычкі). Яны прызнаюцца, што не ведаюць, за што менавіта ўлады Беларусі абмежавалі доступ да іх сайта, а таксама публікуюць спосабы абыходу блакіроўкі.

Паводле Еўрарадыё