Праваабаронцы прызналі Таццяну Вадалажскую і Уладзіміра Мацкевіча палітзняволенымі

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Таццяну Вадалажскую і Уладзіміра Мацкевіча палітзняволенымі. «Мы лічым, што зняволенне Уладзіміра Мацкевіча і Таццяны Вадалажскай — вядомых навуковых і грамадскіх дзеячаў — было ўжыта выключна з-за іх перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод», — гаворыцца ў заяве

vodolazhskaia_mackevic.jpg

4 жніўня ў Беларусі пасля ператрусаў былі затрыманы Уладзімір Мацкевіч — беларускі філосаф і метадолаг, грамадскі дзеяч, Таццяна Вадалажская — сацыёлаг, старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, эксперт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій, Аксана Шэлест — старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі і Улад Вялічка — эксперт па арганізацыйным развіцці, грамадскі дзеяч.

Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская дагэтуль знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончай супольнасці адзначаюць у сваёў заяве: “Працяг запалохванняў і арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, адвольнае пазбаўленне волі сталі звыклай практыкай органаў, закліканых у дэмакратычным грамадстве забяспечваць законнасць і правапарадак. Свабода і асабістая недатыкальнасць — адны з асноватворных правоў чалавека — перасталі ўспрымацца ўладамі як непарушныя і абавязковыя да павагі і абароны”.

Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў “Неадкладна вызваліць палітвязняў Уладзіміра Мацкевіча і Таццяну Вадалажскую і спыніць крымінальны пераслед у іх дачыненні. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.

Паводле pen-centre.by