Праваабаронца пра «пінскую справу – 2»: Людзі абураныя, напружанне нарастае
У Маскоўскім раёне Брэста 31 траўня суддзя Вера Філонік пачала працэс над другой групай людзей па «пінскай справе», піша «Белсат».
Гэтым разам судзяць 11 асоб. Гэта Леанід Германовіч, Аляксандр Лапух, Андрэй Моцук, Сяргей Цібец, Андрэй Хвескавец, Аляксандр Шандыба, Аляксандр і Сяргей Шаламіцкія, Сяргей Волкаў, Валянцін Колб, Ілля Бохан. У спісах падсудных фігураваў Уладзімір Хаміцевіч, але на судовы працэс ён не з’явіўся.
У гэтай групе адны мужчыны, самы старэйшы — Валянцін Колб, яму 54. А самы малодшы — Ілля Бохан, яму некалькі тыдняў таму споўнілася 18. Паўналецце ён сустрэў у СІЗА.
На жаль, ні адна група не абыходзіцца без «сямейных» судоў. У жыхара Пінска Міхаіла Шаламіцкага судзяць роднага брата Сяргея (51 год) і сына Аляксандра (яму 18 гадоў).
Пінчукоў судзяць за пратэсты 9–10 жніўня 2020 года ў іх родным горадзе, усіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ). Увечары 9 жніўня пінчукі, якія хацелі даведацца вынікі выбараў, сабраліся каля мясцовага райвыканкама. Там адбылася сутычка з міліцыянтамі: людзі пачалі бараніцца ад нападаў сілавікоў.
Вырак першым 14 асобам агучылі 30 красавіка, тады Яўген Брэган прысудзіў:
Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку — 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гуньку, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;шматдзетнай маці Алене Маўшук — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;Дэвіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шалямету — 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
— У нас другая група людзей, абвінавачанне смяхотнае. Магу выказаць здагадку, што тэрміны зноў будуць жахлівыя і не адпаведныя працэсу. Сваякі гэтым разам ілюзій не маюць, усе ў чаканні, — сказала ў размове з «Белсатам» праваабаронца Вераніка Іванова.
Паводле яе, абвінавачанні для новай групы «прыцягнутыя за вушы», і раней за падобныя дзеянні людзей бы не пераследавалі:
— Гэтая група ад першай адрозніваецца малазначнасцю дзеянняў. Калі ў першай групе былі людзі, якія бралі ў рукі рэйкі ад лавак або брук, то тут гаворка пра распырскванне мінеральнай вады і выдраныя кветкі, пра паднятую бляшанку. Гэтыя абвінавачанні ў былыя часы не пацягнулі б нават на адміністрацыйны арышт.
«Пінская справа» падзяліла жыхароў горада на два лагеры, і ў будучыні гэта можа прывесці да вельмі сумных наступстваў, разважае Вераніка Іванова:
— У Пінску людзі абураныя. Яны думалі, што справу закрыюць ці перакваліфікуюць, але цяпер напружанне нарастае. Ідзе адчужэнне ад тых, хто звязаны з органамі ўнутраных спраў, нават разбураныя некаторыя сямейныя сувязі, ідзе грамадзянскае — яшчэ пакуль пасіўнае — непадпарадкаванне шмат у чым. Тое, што цяпер адбываецца ў судах, можа падрыхтаваць глебу да грамадзянскай вайны.