Праваабаронца: Неўзабаве Мікалай Аўтуховіч будзе прызнаны палітвязнем

Юрыст і праваабаронца Павел Сапелка ў каментары «Салідарнасці» — пра рэкордныя тэрміны фігурантам справы Аўтуховіча і пра тое, як праходзіў судовы працэс.

_124985740_281268870_4792953940832945_8952412730922562664_n.jpg

— Што тычыцца прысуду, які агучаны, то гэта жорсткі прысуд. Гэта прысуд адвольны, вынесены з парушэннямі стандартаў і прынцыпаў справядлівага суда. Прычым у дачыненні не толькі да Мікалая Аўтуховіча, але і да ўсіх абвінавачаных. Я падкрэсліваю, да ўсіх.

Ёсць усе падставы прызнаваць фігурантаў гэтай справы палітвязнямі. Большая частка ўжо была прызнана, і няма прычын мяняць падыходы і рашэнні з гэтай нагоды. А астатнія, я мяркую, будуць прызнаныя ў бліжэйшы час. Ва ўсякім выпадку, такая ў праваабаронцаў пазіцыя з гэтай нагоды.

— Чаму Мікалай Аўтуховіч будзе прызнаны палітвязнем толькі цяпер?

— Прызнаць Аўтуховіча такім, улічваючы нашы прынцыпы і крытэрыі, у нас не было падстаў (калі браць пад увагу ўсе тыя ўмовы, якія мы мелі дагэтуль).

Па-першае, не было прысуду суда, па-другое, пазіцыя Мікалая па справе была шмат у чым невядомая. У тым сэнсе, што судовае пасяджэнне ішло ў такім рэжыме, дзе ў нас не было магчымасці зрабіць высновы аб прад'яўленым Аўтуховічу абвінавачванні, а таксама аб тым, што з яго ён прызнае, а што — не.

У астатніх асуджаных абставіны, якія не дазвалялі прызнаваць іх палітвязнямі, спачатку таксама былі такія ж практычна ва ўсіх. Але з часам сітуацыя мянялася, і гэтыя людзі прызнаваліся палітвязнямі.

— Якія ў цэлым вашы думкі аб гэтым працэсе? Мы бачылі страшныя кадры суда з людзьмі ў клетках. Здаецца, такога раней ніколі не было, як і прысуду ў 25 гадоў.

— Мы назіралі за ўсёй гэтай справай у дынаміцы, пачынаючы з таго, як і калі быў затрыманы Аўтуховіч, у якім ён быў выглядзе, якія ён даваў тлумачэнні і як шырока гэта было распаўсюджана па прапагандысцкіх каналах.

І як потым па дзяржаўных каналах былі шырока распаўсюджаны звесткі, якія складалі для ўсіх астатніх таямніцу следства.

Таму што бок абароны наогул ніяк не мог выказацца аб тым, што адбываецца на папярэднім следстве, а прапагандысты па матэрыялах следства ўжо выказвалі ўпэўненасць у поўнай даказанасці віны ўсёй гэтай групы. І гэта было ў лютым 2021 года.

Потым быў судовы працэс, які фармальна быў спачатку адкрытым, але дэ-факта закрытым, паколькі туды пускалі літаральна па двое сваякоў у якасці гледачоў і прадстаўнікоў дзяржаўных і прапагандысцкіх рэсурсаў. А скончылася гэта тым, што суд наогул стаў закрытым.

Але пакуль ён быў умоўна адкрыты, «дзякуючы» гэтым прапагандысцкім рэсурсам — а я знарок не называю іх СМІ — мы ўбачылі, у якой форме праводзіцца судовае пасяджэнне, мы ўбачылі гэтыя клеткі, мы даведаліся нешта пра пазіцыю, выказаную кожным з абвінавачаных і атрымалі яшчэ больш доказаў таго, што, з аднаго боку, гэта справа з'яўляецца палітычна матываванай, а з другога, падчас яе расследавання шырока ўжываліся катаванні, што наўпрост забаронена міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі і яе Канстытуцыяй.