«Грузія такім чынам выштурхоўвае людзей за свае межы». Гісторыя яшчэ аднаго беларуса, якога не пусьцілі ў Грузію пасьля «візарана»
Зьмітру Грынкевічу нядаўна споўнілася 50. Яго гісторыя падобная да гісторыяў тысяч беларусаў, якія сутыкнуліся зь перасьледам пасьля пратэстаў 2020 году. А зь нядаўняга часу і да гісторыяў грамадзян Беларусі, якія не змаглі вярнуцца на часовае месца жыхарства ў Грузіі, куды пераехалі празь перасьлед на радзіме. Ён распавёў яе Свабодзе.

Відэаблогер і актывіст Зьміцер Грынкевіч кажа, што пражыў у Батумі два гады, ніякіх праблемаў з грузінскімі ўладамі ня меў. Фота з прыватнага архіву
«У мяне зараз адна кашуля і адны нагавіцы, — расказвае ў размове з Свабодай Зьміцер Грынкевіч. — Нават няма ўва што пераапрануцца. Усё засталося ў Батумі, у арандаванай кватэры. Выйшаў у салён сувязі, каб з вамі пагаварыць. Digihub называецца, яны мне дапамаглі. Спыніўся ў гостэле, але там нязручна размаўляць, то мусіў выйсьці. Мне крыху зараз даслалі на картку грошай, то, здаецца, пакуль маю на што жыць. Але я не ведаю нават, колькі там, не магу паглядзець балянс»
«Папрасілі пачакаць, ніхто нічога не тлумачыў»
Непрыемныя прыгоды пачаліся ў Зьмітра 8 траўня на памежным пункце пропуску Садахла, які падзяляе Грузію і Арменію. Беларус разам са знаёмым выбраўся на чарговы так званы «візаран» — кароткі выезд за межы Грузіі з мэтай абнуленьня гадавога побыту на тэрыторыі краіны. Зьміцер кажа, што гэта быў яго другі «візаран» пасьля пераезду ў Батумі. Першы раз год таму ніякіх праблемаў не ўзьнікла. Цяпер яны пачаліся ўжо падчас выезду з Грузіі.
«Выпускалі мяне таксама не зусім без праблем, — расказвае Зьміцер. — Мой кампаньён прайшоў кантроль адразу, а мяне пяць хвілін патрымалі, потым прапусьцілі. Нічога мне не казалі, проста папрасілі пачакаць. Іншых прапускалі, а я стаяў чакаў. 8 траўня гэта было. Мяжа там пешаходная. Я па мосьце пешшу з Грузіі пайшоў у Армэнію, там некалькі хвілінаў пабыў, сустрэў свайго кампаньёна і мы назад пайшлі. Ён першы, я за ім».
На кантролі спачатку ўсё выглядала звычайна, працягвае аповед пра свае прыгоды Зьміцер. Яму задалі стандартныя пытаньні — чым займаецца, чаму ня мае дазволу на жыхарства ў Грузіі, куды едзе.
«Папрасілі пачакаць, ніхто нічога не тлумачыў, — гаворыць Зьміцер. — Чаканьне расьцягнулася на паўтары гадзіны. Прыйшлося выбіваць паход у прыбіральню. Спачатку мякка прасіў. Потым сказаў: „Мне што, вось тут перад вамі ўсё зрабіць?“. Тады пачалі пускаць. За гэтыя паўтары гадзіны яны мне нічога не сказалі. Сядзіце, чакайце. Спытаў, у чым праблема. Мне адказалі, што яны нічога ня ведаюць».
У выніку да Зьмітра выйшаў яшчэ адзін супрацоўнік пункту памежнага кантролю, адвёў яго ўбок, паведаміў пра запіс размовы і расказаў, што беларусу адмоўлена ва ўезьдзе на тэрыторыю Грузіі. Таксама яму далі дакумэнт на грузінскай мове, аддалі пашпарт бязь нейкіх дадатковых забараняльных адзнак і папрасілі вярнуцца на тэрыторыю Армэніі.
«Я пайшоў назад, але ж я разумеў, што ў Армэніі буду нават бяз сувязі адразу, — узгадвае Зьміцер. — Зайшоў за рог на нэўтральнай паласе. Так, каб мяне не было відаць з грузінскага боку. Сеў і пачаў перапісвацца з праваабаронцамі, юрыстамі. Відэа зьняў там на месцы для свайго каналу. Думаў, што рабіць. Пасьля пайшоў у Армэнію, паехаў у Ерэван. Армянскія памежнікі амаль ні пра што не пыталіся. Толькі сфатаграфавалі сабе паперу, якую мне далі грузіны».
Зь Беларусі Зьміцер Грынкевіч зьехаў у 2023-м. Паходзіць зь Берасьцейшчыны. Прычынай ад’езду стала цікавасьць з боку сілавікоў, апошняй кропляй стаў іхны візыт дадому да актывіста. Зьміцер расказвае, што спачатку спрабаваў атрымаць польскую візу і выехаць у гэтую краіну, аднак калі зрабіць гэтага ня змог, выйсьцем стаў ад’езд у Грузію, дзе ўжо жылі знаёмыя беларусы.
«2 чэрвеня 2023 году я прыехаў у Грузію, — расказвае Грынкевіч. — Выехаць адсюль далей я ўжо не спрабаваў. І няпроста было, і іншыя акалічнасьці ўзьніклі. Пасяліўся ў Батумі. У мяне астма зь дзяцінства, а тут на ўзьбярэжжы я забыўся, што гэта такое. Гэта важны для мяне момант. Хадзіў тут у Батумі на беларускія акцыі, выкладваў відэа адтуль у блог. У Беларусь я ўжо не магу паехаць дакладна».
Зьміцер прызнаецца, што ня ведае прычынаў забароны на ўезд у Грузію. Пра яе беларус можа толькі здагадвацца. Пра грузінскія падзеі ў блогу ён не расказваў, у Батумі жыў сьціпла, гандляваў беларускімі рэчамі, удзельнічаў у арганізацыі беларускіх і ўкраінскіх акцыяў.
«Усе мае відэа па-беларуску, грузінам там складана разабрацца, — мяркуе Зьміцер. — Адзінае — я расказваў там пра выпадак спадара Мялешкі, якога таксама не пусьцілі назад у Грузію, дзе ён жыў зь сям’ёй. Усё, што меў, засталося ў Батумі. Што мне зараз рабіць, пакуль ня ведаю. Ці спрабаваць усё ж выехаць у Польшчу, ці заставацца ў Армэніі. Кажуць, тут можна ўсё ж атрымаць прытулак. Пакуль ня вырашыў».
На тэрыторыі Армэніі Зьміцер можа легальна знаходзіцца 180 дзён, пасьля гэтага яго абавяжуць выехаць з краіны.
Дзясяткі выпадкаў кожны год
Праваабаронца, намесьнік кіраўніка аб’яднаньня «Беларусы Аджарыі» Раман Кісьляк ў размове з Свабодай кажа, што ўжо ведае пра гісторыю Зьмітра Грынкевіча. Зь яго словаў, Грынкевіч далёка не адзіны.
«Такіх выпадкаў дзясяткі, — расказвае Раман. — Публічных менш, адзінкі. І нашмат больш, вядома, адмаўляюць ва ўезьдзе грамадзянам Расеі і Украіны. Але апошнім часам трапляюць і беларусы. Часам іх прапускаюць, але, так скажам, „кіпіш“ на мяжы здараецца рэгулярна. І я ня ведаю пра выпадкі, калі б беларусам адмовілі ва ўезьдзе ў Грузію, а яны змаглі ўсё ж гэта зрабіць празь нейкі час. Магчыма, такія выпадкі ёсьць, але яны невядомыя. Магчыма, такая імавернасьць зьяўляецца праз некалькі гадоў».
З словаў Рамана Кісьляка, адным зь першых вядомых выпадкаў нядопуску на тэрыторыю Грузіі беларуса быў выпадак Яўгена Гацака некалькі гадоў таму. Яго справа дагэтуль на разглядзе ў Вярхоўным судзе Грузіі, яна не завершаная.
Глядзіце таксама

«Грузія такім чынам выштурхоўвае людзей за свае межы, — дадае Раман Кісьляк. — Не даючы магчымасьці абскардзіць рашэньне. Што параіць, я ня ведаю. Але можна здагадацца аб гэтым загадзя. Як правіла, такія праблемы ўзьнікаюць у людзей, якія трапілі ў пэўную базу грузінскіх сілавікоў. Калі памежнік бачыць, што чалавек там, ён інфармуе супрацоўніка дзяржаўнай бясьпекі Грузіі. Гэта можна зразумець ужо тады, калі чалавек выяжджае з Грузіі. На ім „завісае“ база памежнікаў, і яны просяць пачакаць пэўны час».
Праваабаронца дадае, што апошняе слова ў прыняцьці рашэньня аб нядопуску на тэрыторыю краіны менавіта за спэцслужбамі. Выпадкі, калі на кімсьці зь беларусаў «завісала» памежная сыстэма праверкі пашпартоў, але чалавека ў выніку ўсё ж прапускалі ў Грузію, таксама вядомыя. Раман Кісьляк раіць прасіць прытулку, калі чалавек ужо зразумеў, што праблемы падчас выезду магчымыя, але ён яшчэ знаходзіцца на грузінскай тэрыторыі.
«Існуюць выпадкі, калі не ратуе нават грузінскі дазвол на жыхарства, — расказвае Раман Кісьляк. — Вядома, гэта кожны раз вялікі стрэс для людзей. Актывісты, палітыкі, журналісты — ім цяжка. Калі яны трапляюць у такія базы, то гэта пастаянны стрэс. Усе стрэсуюць. Я не скажу, што гэта вельмі масава. Людзі выяжджаюць і вяртаюцца тысячамі. Але ўсё ж дзясяткам чалавек у год адмаўляюць».
Глядзіце таксама

Раман Кісьляк таксама зьвяртае ўвагу, што права на ўезд у чужую краіну ў міжнародным праве не існуе. Яно можа зьявіцца толькі тады, калі чалавек просіць прытулку.
«Зараз рыхтуецца законапраект, які павінен упарадкаваць працэдуру, — расказвае Раман Кісьляк. — Раней нэўтральная паласа была такой шэрай зонай. Туды не дапускалі адвакатаў, часта ігнаравалі правы людзей. Зараз плянуецца гэта упарадкаваць. У гэтым пляне новы закон, магчыма, палепшыць становішча. Будзе магчыма на нешта спасылацца, неяк абскарджваць».