Праспект праз Альманскія балоты: бульдозеры руйнуюць заказнік

Праз Альманы — найбуйнейшы балотны комплекс у Беларусі — вядуць дарогу, якая парушыць яго гідралагічны рэжым і нясе пагрозу яго фаўне і флоры. Будаўніцтва трэба спыняць, пакуль экасістэме не нанесеная непапраўная шкода, лічаць у найбуйнейшай прыродаахоўнай грамадскай арганізацыі краіны «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

dji_0008.jpg


Што гэта за балоты?


Альманскія балоты — адзін з найбуйнейшых балотных масіваў у Еўропе. У адрозненне ад іншых балотаў на Палессі, Альманы не падпалі пад меліярацыю, бо тут быў вайсковы палігон. На тэрыторыі балотаў — рэспубліканскі ландшафтны заказнік плошчай 942 квадратныя кіламетры, што амаль у чатыры разы болей, чым знакамітае балота Ельня. Альманскія балоты маюць высокі міжнародны статус: гэта Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці і Рамсарскае водна-балотнае ўгоддзе.

dji_0047.jpg


Што там адбываецца?


Цяпер па гэтым унікальным ландшафце вядуць лесавозную дарогу коштам 2 мільёны рублёў, якую збіраюцца скончыць да верасня 2018 года. Грошы на будаўніцтва гэтай “Лесагаспадарчай дарогі № 3” выдзяліў Мінлясгас. Маршрут — ад вёскі Карма на поўнач заказніка да рэчкі Ствіга, дзе будзе жалезабетонны мост.

Відэа Іллі Мураўёва
Палескі лясгас пачаў будаваць дарогу ў жніўні 2017 года, а праект, падрыхтаваны “Брэстдарпраектам”, прынялі ў 2016 годзе. Шырокага грамадскага абмеркавання не было, прыродаахоўнікі дазналіся пра будаўніцтва толькі цяпер — выпадкова.
Спярша ў пачатку года АПБ даведалася пра будаўніцтва на Альманах “Лесагаспадарчай дарогі № 4” да вёскі Кароцічы, калі спецыялісты арганізацыі маніторылі праекты, якія плануецца ажыццявіць на прыродных тэрыторыях пад асаблівай аховай. Гэта трэба ўважліва адсочваць, бо ў апошні час пачало паступаць усё больш трывожных паведамленняў пра ўмяшальніцва ў важныя для захавання дзікай прыроды ўчасткі: плануюцца, напрыклад, новыя торфараспрацоўкі на рацэ Дзітва, на балоце Булеў Мох.
У чэрвені супрацоўнік АПБ Мікалай Чэркас выехаў у вёску Карму, каб паглядзець, дзе плануецца будаваць чацвертую дарогу. І так даведаўся, што трэцюю ўжо вядуць проста па некранутым балоце.

dji_0051.jpg


Навошта такая дарога?

Як тлумачыць галоўны ляснічы Палескага лясгасу Васіль Петравец, яна патрэбная ў гаспадарчых мэтах: найперш для доступу да лесу, які пойдзе на продаж. Тлумачыць, што лясгас не вельмі багаты, а новая дарога дазволіць павялічыць аб’ём лесанарыхтовак і вывозіць іх больш кароткім шляхам.

dsc00084.jpg


Другая задача — барацьба з пажарамі, якіх стала больш у апошнія сухія гады. У 2015 у заказніку агонь добра пагуляў.
Але ўсё гэта з пункту гледжання прыродаахоўнікаў вельмі сумнеўныя прычыны для такога разбуральнага праекта ў заказніку.
Па-першае, новая дарога амаль 14 кіламетраў ідзе па старой лясной, але на ёй запланавана некалькі выпростванняў даўжынёй 6 км па некранутым балоце.
Па-другое, Альманы каштоўныя найперш унікальнымі прыроднымі экасістэмамі, а не драўнінай. Ці рэнтабельнымі будуць лесанарыхтоўкі, улічваючы шалёны кошт дарогі і шкоду заказніку? Грошы можна было ўкласці, напрыклад, ў перапрацоўку мясцовых ягад, якімі багаты заказнік, ці іншыя недэструктыўныя бізнес-праекты.
Па-трэцяе, дарога сама можа стаць прычынай пажараў, бо падсушыць балота (на амаль 20 км дарогі запланавана пакласці 9 труб дыяметрам ад 0,6 м да 1,2 м) і робіць глухія раней мясціны лёгкадасяжнымі для чалавека. А менавіта чалавек — самы часты чыннік лясных пажараў.

dji_0068.jpg


Якая будзе новая дарога?


Шырыня новай дарогі паводле праекту — 5 метраў, але ў некаторых месцах яна цяпер дасягае 20-ці метраў!  
Васіль Петравец тлумачыць, што гэта частка тэхналогіі і дарога ў выніку паўсюль будзе пяціметровая. Колькі пяску паглынае балота, каб у выніку атрымалася высокая грунтоўка, прыдатная для лесавозаў і пажарных машын, можна меркаваць па завоблачным кошце праекту. Дарэчы, сам пясок бяруць з унікальных ледавіковых дзюнаў.

Чым дарога небяспечная?


Новая дарога зменіць унікальны ландшафт і стане дамбай, якая парушыць гідралагічны рэжым тэрыторыі. Адна частка балота збіраць ваду, паступова ператвараючыся ў вадаём, другая частка будзе падсушвацца і рабіцца больш пажаранебяспечнай.
Андрэй Абрамчук, старшыня Лясной рабочай групы АПБ: “Натуральнаму балоту ад пажараў няма сур’ёзнай пагрозы, больш церпяць перасушаныя тэрыторыі. І невядома, ці гэтая дарога будзе дапамагаць тушыць пажар, ці будзе спрыяць асушэнню”.
Безумоўна, падсушэнне паўплывае на флору і фаўну Альманаў. І тое, што праз балота пачне хадзіць больш людзей і ездзіць аўто, зробіць сітуацыю яшчэ горшай.
Менавіта тут жыве найбуйнейшая ў Беларусі папуляцыя вялікага арляца (18-20 параў) — птушкі, якой пагражае глабальнае знікненне. Альманы — адно з некалькі месцаў у нашай краіне, прыдатных для яе гнездавання. А наша краіна — адна з нямногіх у свеце, дзе гэтая птушка захавалася. Вялікі арлец надзвычай чуллівы да турбавання чалавекам.

dji_0060.jpg


Валерый Дамброўскі, каардынатар праекта “Навукова абгрунтаваная ахова глабальна пагражальнага вялікага арляца ў Беларусі”: “Усяго за кіламетр ад месца, дзе цяпер ідзе будоўля трасы, знаходзіцца гнездавы ўчастак вялікага арляца. Відавочна, што трансфармацыя яго тэрыторыі і фактар турбавання будуць уздзейнічаць на птушку. Яна можа пакінуць сваю тэрыторыю. А знайсці новае гняздо будзе нялёгка: усе Альманы шчыльна занятыя вялікім арляцом. Давядзецца дзесьці яшчэ шукаць, блукаць па свеце”.
Паколькі тэрыторыя Альманаў была дзікая, маладасяжная, у гэтым заказніку многія віды не перадаваліся пад ахову. А цяпер атрымалася, што Альманы — адна з найменш адэкватна абароненых тэрыторый пад асаблівай аховай у Беларусі, бо ў Палажэнні аб заказніку не забаранілі будаваць дарогі.

dsc00113.jpg


Як жа такі праект маглі прыняць?


Любое будаўніцтва на прыродных тэрыторыях пад асаблівай аховай павінна праходзіць ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) і абмяркоўвацца з грамадствам. Такія абмеркаванні Палескі лясгас праводзіў у 2012, 2014 і 2016 гг., але ўсё прайшло вельмі ціха, і шырока грамадскасць пра праект не даведалася.
Справаздачу аб уплыве на навакольнае асяроддзе лесагаспадарчай дарогі № 3 выконваў Палескі аграрна-экалагічны інстытут НАН Беларусі ў Брэсце. І якасць гэтай справаздачы і праведзеных эксперытыз выклікае шмат пытанняў.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: “Аўтары ацэнкі ўдзеяння розных праектаў дарог на заказнік адмыслова абгрунтавалі найбольш шкодны для заказніка варыянт. Чаму? Адказу няма. Чамусьці па разліках біёлагаў атрымліваецца, што новая дарога на месцы старой будзе каштаваць у 4 разы даражэй, чым калі 6 з 20 км будуць ісці проста па балоце! За кошт скарачэння? Яшчэ адмыслова ўказана, што нават у кварталах, дзе жывуць арлы-вужаеды і вялікія арляцы, дарога ў балоце ім не павінна перашкаджаць. Асобныя месцы гэтага дакумента чытаюцца як анекдот. Проста няма словаў! І зусім не смешна”.

aljaksandr_vinczeuski.jpg


Як уратаваць Альманскія балоты?


АПБ лічыць: трэба неадкладна прыпыніць будоўлю і перагледзець будаўнічы праект і яго экалагічную экспэртызу. Пабудаваную праз балота частку дарогі трэба ліквідаваць. Адпаведныя запыты накіраваны ў пракуратуру і Мінпрыроды.
У перспектыве Альманскія балоты варта зрабіць запаведнікам, бо статус заказніка рэспубліканскага значэння не забараняе весці тут гаспадарчую дзейнасць.
У Беларусі ўсяго 4 % балотаў. Ненармальна, што пакуль за вялікія грошы ў адным месцы спрабуюць аднавіць адны (хаця балоты адновяцца толькі праз тысячы гадоў), недзе разбураюцца іншыя. Праграма будаўніцтва лясных дарог такім чынам можа пагражаць захаванню дзікай прыроды Беларусі.
Цяпер абмяркоўваецца ўключэнне ўсяго Прыпяцкага Палесся ў Спіс усясветнай спадчыны ЮНЭСКА. У наступным годзе пачнецца падрыхтоўка намінацыі, каб унесці Прыпяцкае Палессе, якое ўключае і Альманскія балоты, у гэты спіс.
Ахова птушак Бацькаўшчыны звяртаецца да ўсіх: калі вы ведаеце пра падрыхтоўку праектаў, якія могуць паставіць пад пагрозу дзікую прыроду, паведамляйце па тэлефонах +375 17 369-76-13, +375 29 223-06-13, +375 29 101-68-87 або па электронцы info@ptushki.org. Адсочваць з’яўленне такіх праектаў можна на сайтах выканкамаў або ў мясцовай прэсе.
Паводле прэс-рэлізу, фота Івана Мураўёва