Прагрэсуючая дэградацыя дзяржавы: што прыйдзе на замену?

Ужо тры тыдні ідзе вайна ў Ізраілі. Між тым наш родны ўрад ніяк не можа арганізаваць эвакуацыю беларусаў не толькі з сектара Газа, але і непасрэдна з Ізраіля. У чарговы раз даказваючы, што, калі ў краіне «не да законаў», перастаюць працаваць і астатнія дзяржаўныя інстытуты. Ну, можа, акрамя рэпрэсіўных.

i_9_logo.jpg.webp

Кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік прызнаў, што сітуацыя ў Ізраілі «даволі няпростая». Паводле яго, міністэрства займаецца праблемай эвакуацыі грамадзян Беларусі з гэтай краіны, і Беларусь нават атрымала дазвол ад ізраільскіх улад на гуманітарны рэйс «Белавія». Аднак, як сцвярджае Алейнік, «непераадольнай перашкодай» застаюцца ўведзеныя супраць «Белавія» санкцыі ЗША. Наш нацыянальны перавозчык проста не можа выканаць такі рэйс.

У чэрвені мінулага года ўлады ЗША пашырылі абмежаванні ў дачыненні да «Белавія» з прычыны парушэння раней уведзеных санкцый — «Белавія» працягвала выконваць палёты на самалётах «Boeing» у Расію, Турцыю, Грузію, ААЭ і Егіпет. У адказ урад ЗША забараніў рамантаваць ці іншым чынам выкарыстоўваць амерыканскія запчасткі і абсталяванне для абслугоўвання паветранага флоту беларускай авіякампаніі. А ў жніўні гэтага года ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. Пад абмежаванні трапіла і «Белавія». Так што, прыляцеўшы ў Ізраіль, самалёт «Белавія» не змог бы элементарна дазаправіцца і прайсці перадпалётную падрыхтоўку, каб здзейсніць зваротны рэйс.

Да заявы Алейніка вельмі шмат пытанняў. І самае першае з іх, вядома — а хто давёў да такой сітуацыі, калі наша авіякампанія не можа лётаць у іншыя краіны? Чаму такая сітуацыя ўзнікла, Алейнік не падкажа?

Другое пытанне: Міністэрства замежных спраў на тое і існуе, каб дамаўляцца, не? За гэты час яно магло б дамовіцца з Ізраілем на дазапраўку самалёта і яго тэхнічнае абслугоўванне з прычыны «форс-мажорных абставін». У пасольстве Ізраіля павінны працаваць людзі, якія маюць сувязі, каб вырашыць гэтую праблему. Але, са слоў Алейніка, праблема выглядае «непераадольнай».

Нарэшце, ёсць такое паняцце, як «чартарныя рэйсы». Для беларускага МЗС растлумачу: гэта калі турыстычная кампанія (або, у нашым выпадку, дзяржава) фрахтуе самалёт у авіяперавозчыка для дастаўкі-адпраўкі турыстаў у тое ці іншае месца. Што перашкаджае беларускаму МЗС зафрахтаваць самалёт у авіякампаній, якія лётаюць у Ізраіль? Няўжо няма грошай?

Сапраўды, грошы ёсць. Прыляцеў жа Лукашэнка нейкім чынам на саміт АДКБ? Проста тое, што дазволена Лукашэнку, не тычыцца беларускіх грамадзян, нават калі яны раптам апынуліся на вайне. Проста беларускае МЗС чарговым разам зрабіла «пакрыўджаны твар» — маўляў, вы, на Захадзе, такія-сякія, увялі санкцыі, а з прычыны гэтага пакутуюць нашы грамадзяне. І «націснуўшы на шкадаванне», можа быць, дамагчыся змякчэння тых самых санкцый у дачыненні да «Белавія».

Толькі вось грамадзяне Беларусі, якія затрымаліся ў Ізраілі, у гэтым выпадку аказваюцца закладнікамі палітычных гульняў Алейніка і Ко. І ўзнікаюць новыя пытанні. Напрыклад, чым беларуская дзяржава адрозніваецца ад ХАМАС? Той таксама бярэ закладнікаў і «цісне на шкадаванне», спрабуючы выгандляваць для сябе нейкія там прэферэнцыі і ставячы ўмовы…

Відавочна, што гэтая сітуацыя паказвае толькі адно — дэградацыю дзяржаўных органаў Беларусі ў цэлым, беларускага МЗС і беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой у прыватнасці. Згодна з Венскай канвенцыяй, дыппрадстаўніцтвы ствараюцца краінай, каб дапамагаць сваім грамадзянам. Відавочна, што ні МЗС Беларусі, ні амбасады, асабліва пасля «пашпартнага ўказа», не выконваюць ускладзеную на іх функцыю. А значыць, ператварыліся ў цалкам дэградаваны і фактычна «мёртвы» дзяржаўны інстытут.

Глядзіце таксама

Але «не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло». У тым сэнсе, што вымушаныя выехаць з краіны ў выніку рэпрэсій беларусы стварылі сваю сетку «народных амбасад» у розных краінах свету. Менавіта «народныя амбасады» пачалі збор інфармацыі аб эвакуацыйных рэйсах «трэціх краін» з Ізраіля. І, у прыватнасці, менавіта дзякуючы іх дзейнасці з зоны вайны была эвакуявана беларуская пенсіянерка Аляксандра Ханевіч, якая ў Ізраіль прыехала адпачыць, а трапіла на вайну, і нават паспела там падтрымаць ізраільскіх байцоў.

І тут я б успомніў аб практыцы Ізраіля прысуджаць людзям званне «праведнік свету». «Праведнік свету» — гэта чалавек, які выратаваў хаця б аднаго яўрэя падчас Халакосту, бо ў Торы напісана: «Хто выратаваў аднаго чалавека, той выратаваў увесь свет». Мы, вядома, не ведаем, ці быў кейс Аляксандры Ханевіч адзіным (што наўрад ці), але, зыходзячы менавіта з логікі святой для яўрэяў кнігі, ужо можна сцвярджаць, што «народныя амбасады» замянілі афіцыйныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў Ізраілі, выканаўшы іх ролю. Менавіта «народныя амбасады» зрабілі тое, што павінны былі зрабіць (і не зрабілі) прадстаўніцтвы беларускай дзяржавы.

Можна калі заўгодна крытычна ацэньваць працу Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінета і іншых, як іх называюць у СМІ, «структур апазіцыі». Але нельга не прызнаць адно: гэтыя структуры хоць бы робяць справу. Працуюць над стварэннем новага беларускага пашпарта, лабіруюць інтарэсы беларусаў за мяжой і ўвогуле дапамагаюць грамадзянам Беларусі ў той час, калі беларускія афіцыйныя структуры — бездапаможныя (ці хочуць выглядаць такімі).

Дарэчы, грошы на эвакуацыю Аляксандры Ханевіч з Ізраіля ў Польшчу, дзе яна жыве, знайшлі ў беларускай дыяспары ЗША. «Народная амбасада» ў Ізраілі знайшла грошы на эвакуацыю беларускі на іншым канцы зямнога шара!

У гэтай сітуацыі міжволі станеш трохі анархістам. Калі «беларус беларусу беларус», калі дзяржава не ў стане выканаць свае функцыі, то навошта наогул беларусам патрэбна такая дзяржава? Каб не выдаваць пашпарты?

А МЗС і пасольства ў Ізраілі — не адзіны орган, які страціў сваю функцыю за апошні час. Як, напрыклад, можа выконваць сваю функцыю нагляду за выкананнем законнасці пракуратура, калі ў краіне «часам не да законаў»? Наколькі эфектыўныя ў краіне «органы правапарадку», калі мы чуем пра іх толькі ў святле барацьбы з іншадумцамі? Ці можа паўнавартасна функцыянаваць Міністэрства эканомікі ў дзяржаве, калі ў любы момант хтосьці адзін вырашае, што коштам расці «забараняецца»?

Падобная дэградацыя дзяржаўных інстытутаў можа прывесці наўпрост да дэканструкцыі дзяржавы як такой. Калі дзяржаўныя органы не выконваюць свае функцыі альбо падмяняюць гэтыя функцыі неўласцівымі ім… У гэтым варта пагадзіцца з сацыёлагам Генадзем Коршунавым, які неяк сказаў, што такая сітуацыя — гэта разбурэнне дзяржавы.

Толькі вось «святое месца не бывае пустое». І на месца разбуранай дзяржавы прыйдзе іншая дзяржава. Пытанне толькі ў тым, якой яна будзе, гэтая іншая дзяржава. Будзе тая дзяржава чужой ці беларускай.

Выпадак з эвакуацыяй беларусаў з Ізраіля паказвае, што беларусы ўжо цяпер ствараюць свае, пакуль яшчэ, можа, не зусім эфектыўныя, але працуючыя альтэрнатыўныя дзяржаўныя інстытуты. Гэта і дае надзею, што калісьці альтэрнатыўныя пакуль інстытуты стануць сапраўды дзяржаўнымі і беларускімі.

Глядзіце таксама