Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці сустрэліся з дэлегацыяй БДіПЧ АБСЭ

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец і сябра рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч 5 сакавіка сустрэліся з прадстаўнікамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДіПЧ) АБСЕ, якія ў гэты дзень прыбылі ў сталіцу Беларусі.  



timthumb_php.jpg

У Мінску знаходзяцца старшы дарадца па выбарах БДіПЧ АБСЕТаццяна Багусевіч, а таксама дарадца па выбарах Лусіне Бадалян. У праграме візіту былі запланаваныя сустрэчы як з прадстаўнікамі ўладных структураў (Цэнтрвыбаркам і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу), так і з рэпрэзентантамі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі.

Так склалася, што ў першы дзень наведвання Беларусі дэлегацыя БДіПЧ АБСЕ сустрэлася з праваабаронцамі і журналістамі. Як распавёў НЧ Андрэй Бастунец, прадстаўнікі БДіПЧ прыехалі ў Беларусь, каб высветліць стаўленне розных суб’ектаў да тых рэкамендацыяў, якія Бюро выпрацавала пасля апошніх выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама азнаёміцца з тымі зменамі, якія прапануецца ўнесці ў выбарчае заканадаўства.

Таццяна Багусевіч падкрэсліла, што пытанні свабоды выказванняў з’яўляюцца аднымі з самых важных падчас правядзення выбараў. Мы таксама абмяркоўвалі праблемы, звязаныя з заканадаўствам аб СМІ, у тым ліку і тыя прапановы па зменах у гэтае заканадаўства, якія БАЖ ўносіў на пачатку бягучага года і якія, на вялікі жаль, не толькі не былі разгледжаныя, але нават заклік да абмеркавання гэтых прапановаў не знайшоў водгуку у Палаце прадстаўнікоў, — адзначыў намеснік кіраўніка БАЖ. — Там было пятнаццаць рэкамендацыяў, якія тычыліся, напрыклад, статуса журналіста, у тым ліку, статуса журналіста-фрылансера, доступу да інфармацыі, акрэдытавання карэспандэнтаў, у першую чаргу, замежных сродкаў масавай інфармацыі. А таксама пытанні закрыцця СМІ, тых празмерных паўнамоцтваў, якія сёння мае міністэрства інфармацыі і якія дазваляюць зачыняць СМІ пасля двух папярэджанняў цягам году незалежна ад цяжкасці парушэнняў”.    

Увогуле, паведаміў Андрэй Бастунец, падчас сустрэчы ўздымалася пытанне магчымасці альбо немагчымасці абмеркавання ўзніклых праблем з удзелам улады. Па словах намесніка старшыні БАЖ, такія візіты сведчаць пра тое, што сітуацыя ў Беларусі не з’яўляецца “жалезабетоннай”, што магчымыя перамены. “Але гэтыя перамены залежаць не ад нейкіх прававых момантаў, але ад палітычных”, — падкрэсліў Андрэй Бастунец.

У чацвер, 7 сакавіка дэлегацыя БДіПЧ АБСЭ планавала сустрэцца з прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных партыяў.