«Польшча хоча правесці Беларусь крыху далей»

«Мы гатовы падзяліцца тэхналогіямі, гатовы да інвестыцый. Польшча хацела б правесці Беларусь крыху далей», — заявіў стваральнік і галоўны прамоўтар праграмы «Смак Еўропы, якасць і традыцыі» на прэс-канферэнцыі з нагоды трэцяга этапу праграмы.

slider4.png


“Мы задаволеныя ростам таваразвароту паміж Польшчай і Беларуссю, але ў нас ёсць яшчэ шмат магчымасцяў для актывізацыі нашага супрацоўніцтва. Польшча па выніках 8 месяцаў гэтага года з’яўляецца трэцім гандлёвым партнёрам Беларусі і чацвёртым замежным інвестарам (для параўнання: у 2016 годзе па інвестыцыях у Беларусь Польшча знаходзілася на 10-м месцы). Але мы па-ранейшаму лічым, што патэнцыял супрацоўніцтва нашмат большы”, — сказаў на адкрыцці прэс-канферэнцыі амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

У прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала прэзентацыі праграмы сярод прадстаўнікоў бізнеса прынялі ўдзел, акрамя амбасадара, дзяржсакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы Яцэк Багуцкі, намеснік гендырэктара Цэнтра падтрымкі сельскай гаспадаркі Лукаш Халубоўскі, прэзідэнт Нацыянальнай палаты Анджэй Арэндарскі, прэзідэнт Праўлення Польскай гаспадарчай Палаты Цэнтр спрыяння Бажэна Врублевска, а таксама кіраўнік Асацыяцыі мяснікоў і вытворцаў кілбасных вырабаў Петэр Земан.

dscn6416.jpg


Вялікія спадзяванні на больш інтэнсіўнае супрацоўніцтва выказаў дзяржсакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі Яцэк Багуцкі. “Паміж Польшчай і Беларуссю ідзе інтэнсіўны дыялог.ю і я спадзяюся.ю што гэта супрацоўніцтва прынясе плён у выглядзе адмены гандлёвых абмежаванняў”, — сказаў прадстаўнік міністэрства. Ён таксама выказаў спадзяванні, што супрацоўніцтва з Беларуссю дасць магчымасць пашырыць таваразварот не толькі паміж Польшчай і ЕС, але і паміж ЕС і ЕАЭС.

Спадзяванні на падпісанне шматлікіх пагадненняў, якія пашыраць супрацоўніцтва нашых краін ў сельскай гаспадарцы, даюць прадстаўніку польскага міністэрства і перамовы з міністэрствам беларускім. Ці дасць гэта плён? Магчыма, мы зможам гэта ўбачыць ужо ў наступным годзе. А што тычыцца года мінулага, то сума польскага экспарту ў Беларусь склала 234 мільёны еўра, прыкладна палова з гэтага — садавіна і гародніна, на другім месцы — збожжа, на трэцім — малочная прадукцыя. Агулам жа польскі экспарт харчовых тавараў у гэтым годзе паводле прагнозаў перавысіць 25 мільярдаў еўра. Польшча пастаўляе харчы ў 70 краінаў свету. Асноўныя спажыўцы ў ЕС — Германія, Чэхія, Вялікабрытанія, Італія.

Што яшчэ, акрамя сваіх прадуктаў, прапануюць польскія прадстаўнікі? Найперш, гэта дапамога ў тэхналогіях і абсталяванні. Польскія бізнэсоўцы неўзабаве наведаюць беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы, каб вывучыць магчымасці інвеставання ў сумесныя прадпрыемствы, паведаміў Петэр Земан. Польшча прапануе ствараць сумесныя прадпрыемствы, разам з беларусамі вырабляць прадукцыю і рээкспартаваць у трэція краіны. Для гэтага ў палякаў ёсць перадавыя тэхналогіі, капітал і досвед, якімі яны гатовы падзяліцца з беларусамі.

Акрамя таго палякі гатовыя прадставіць стыпендыі для навучання беларускім спецыялістам.

«Польскім інвестарам значна лягчэй прымаць рашэнне аб інвестыцыях у Беларусь, калі ў іх ужо ёсць навучаныя, давераныя работнікі з вопытам, якім можна даручыць сумесную справу», — адзначыў намеснік гендырэктара Дзяржаўнага цэнтра падтрымкі сельскай гаспадаркі Польшчы Лукаш Халубоўскі.

Па яго словах, пытанне аб выдзяленні стыпендый беларускім спецыялістам для навучання і працоўнай практыкі ў Польшчы было разгледжана на сустрэчы польскай дэлегацыі, якая ўдзельнічае ў працы міжнароднай выставы «Прадэкспа-2017», з прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

«Польскія фірмы гатовыя супрацоўнічаць з Беларуссю не толькі па тавараабмене, але і ў плане кааперацыі. Для гэтага няма ніякіх перашкод, мы даўнія суседзі і маем даўнюю гісторыю паспяховага супрацоўніцтва», — адзначыў Халубоўскі.

“Польская вёска перажыла сур’ёзныя змены за апошнія 25 гадоў, чаго мы можам пажадаць і Беларусі. Мы ўпэўненыя, што захавалі лепшае — польскі смак, традыцыі і якасць, а дзякуючы сяброўству ў Еўрапейскім саюзе, мы атрымалі доступ да найбольш эфектыўных і сучасных тэхналогій, магчымасці дадатковага фінансавання, а таксама навучыліся прасоўваць сваю прадукцыю на самыя патрабавальныя рынкі, такія, як Японія, Кітай, іншыя азіяцкія краіны, ЗША, Канада, Блізкі Усход. Мы гатовыя падзяліцца досведам з беларускімі партнёрамі, яшчэ больш паглыбіць супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. І мы ўпэўнены, што сённяшняя прэзентацыя праграмы стане практычным дапаўненнем польскай прапановы менавіта ў гэтай сферы», — падкрэсліў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Пытанне толькі ў тым, ці здолее беларуская вёска пайсці шляхам польскай?