Перапіска з палітвязнем Міхаілам Жамчужным перарвалася

Віцебскія праваабаронцы перасталі атрымліваць лісты ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Магчымыя прычыны: поўная ізаляцыя палітвязня ў сувязі з пандэміяй COVID-19 альбо этапаванне ў Горацкую калонію, мяркуе праваабаронца Леанід Свецік.

ca56a73d_51b8_411e_a4d8_12d3e057983b_w1597_n_r1_st.jpg

«Больш за два тыдні ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага я не атрымліваў лістоў, таму раблю высновы: альбо Міхаіла ў сувязі з пандэміяй каронавірусу ізалявалі, альбо следства скончылася і яго этапавалі ў Горкі», – паведаміў «Віцебскай вясне» праваабаронца Леанід Свецік.
У лісце, які Свецік атрымаў ад Жамчужнага раней (дата адпраўлення 20 сакавіка), гаварылася, што пастанову аб працягу следства яшчэ на месяц следчы не вынес. Такім чынам, ёсць вялікая верагоднасць, што следства скончанае і Жамчужнага вярнулі ў Горацкую калонію №9.

Чаму Жамчужнага ўтрымліваюць (-лі) ў Віцебскім СІЗА

Знаходжанне палітвязня цягам месяца ў Віцебскім СІЗА патрабуе тлумачэння.
Прычынай аднаўлення следства было «недарасследаванне» крымінальнай справы па факце крадзяжу маёмасці Жамчужнага. Справа была распачатая яшчэ ў лютым 2011 года і спыненая ў траўні 2016-га праз сканчэнне тэрмінаў даўнасці. Не пагадзіўшыся з такім падыходам органаў следства, Жамчужны звярнуўся ў пракуратуру Віцебскай вобласці.
«Пры разглядзе звароту Жамчужнага М.І. устаноўлена, што прыведзеныя ім довады ў частцы неналежнай ацэнкі органамі папярэдняга следства кошту выкрадзенай маёмасці, непрыняцці мер для праверкі пададзенай інфармацыі пра асобу, датычную да здзяйснення злачынства, ды іншай значнай інфармацыі з'яўляюцца абгрунтаванымі», – адзначыў намеснік пракурора Віцебскай вобласці Уладзімір Гук.
Таму, улічваючы ўсе абставіны, 21 студзеня 2020 года пракурор адмяніў рашэнне следчага Віцебскага ГАСК Ішчука. Крымінальная справа з пісьмовымі ўказаннямі для арганізацыі справаводства дадатковага папярэдняга следства была накіраваная начальніку Віцебскага ГАСК. Яму ж было даручана арганізаваць правядзенне службовай праверкі па тым факце, што следчы не паведаміў Жамчужнаму аб спыненні папярэдняга расследавання. Калі факт парушэння пацвердзіцца, начальнік гарадскога аддзелу СК мусіць вырашыць пытанне аб прымяненні мер уздзеяння ў дачыненні да вінаватага.
Апроч таго, Жамчужнаму паведамілі пра тое, што пракуратура Віцебскай вобласці «ўказала» пракурору Віцебска на неналежнае вывучэнне ягонымі падначаленымі матэрыялаў крымінальнай справы, што прычынілася да несвоечасовай адмены працэсуальнага рашэння.


Леанід Свецік: Аб выніках даведаемся не хутка

Праваабаронца Леанід Свецік спадзяецца на тое, што палітвязень Жамчужны яшчэ нейкі час будзе знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА, бо пракуратура абавязала азнаёміць яго з матэрыяламі следства пасля заканчэння папярэдняга следства па крымінальнай справе.
«Але баюся, што грамадскасць не хутка даведаецца аб выніках расследавання, бо камунікацыя з Жамчужным цалкам прыпынілася праз захады, зробленыя УДВП Віцебскай вобласці ў сувязі з бурлівым распаўсюдам у краіне каронавіруса», – выказаў заклапочанасць Леанід Свецік.
Лявон Яфрэменка, vitebskspring.org