Пажар на БелАЭс, або Каму патрэбен «чарнобыльскі кранік»?
Бітымі карпусамі рэактараў небяспечныя здарэнні на будпляцоўцы БелАЭС не скончыліся. Актывіст антыядзернага руху Мікалай Уласевіч паведаміў пра пажар на БелАЭС.
Сябар АГП Мікалай Уласевіч даведаўся, што яшчэ 17 лютага на БелАЭС падчас пробнага выпрабавальнага запуску абсталявання аварыйнай сістэмы абароны рэактара адбыўся вялікі пажар і цалкам выгарала электрашчытавая аварыйнай сістэмы абароны рэактара. Пра гэта здарэнне ён распавёў на сайце АГП. “Сёння маё расследаванне завершана, і ў мяне практычна не засталося ніякіх сумневаў ці пытанняў у дачыненні да таго, што адбылося здарэнне. І, адпаведна, у мяне няма сумневаў наконт вялікай небяспекі пажару для функцыянавання АЭС. А таму сёння я лічу сваім грамадзянскім абавязкам пра тое, што адбылося, праінфармаваць шырокую грамадскасць. Людзі павінны ведаць, што на самай справе адбываецца на гэтай вельмі закрытай ад грамадскасці будоўлі”, паведамляе Мікалай Уласевіч на сайце АГП.
Бяспека АЭС — найбольшая праблема гэтага будаўніцтва, адзначае Мікалай Уласевіч:
“І што б тут ні спявалі нам салаўі «мірнага атама» аб тым, што ў будаўніцтве АЭС у Беларусі нібыта выкарыстоўваюцца нейкія супернадзейныя або суперсучасныя тэхналогіі, факты сведчаць пра адваротнае. Бо за гэтым злашчасным будаўніцтвам упарта цягнецца вельмі трывожны і бясконцы шлейф сур'ёзных надзвычайных здарэнняў.
Чаго толькі каштуюць здарэнні з двума бітымі карпусамі рэактараў! Але ж бітымі карпусамі рэактараў небяспечныя здарэнні на будпляцоўцы не скончыліся. Чарговае сур'ёзнае надзвычайнае здарэнне на будпляцоўцы адбылося крыху больш за два месяцы таму — 17 лютага 2018 года. І гэта здарэнне дырэкцыя АЭС дагэтуль старанна хавае ад шырокай грамадскасці.
Гэтым новым здарэннем стаў ужо не першы па ліку на будпляцоўцы пажар, які на гэты раз здарыўся не ў нейкім другарадным бытавым памяшканні, а на вельмі адказным участку будаўніцтва АЭС — электрашчытавой аварыйнай сістэмы абароны рэактара падчас пробнага выпрабавальнага запуску абсталявання аварыйнай сістэмы абароны рэактара.
Як сведчаць відавочцы, падчас пажару, які ўзнік, хутчэй за ўсё, з-за нейкіх непаладак сістэмы, шчытавая выгарала цалкам, а гэта даволі вялікае памяшканне, запоўненае адпаведным дарагім абсталяваннем.
Акрамя гэтага, падчас пажару агнём была пашкоджана вялікая колькасць магутных электрычны кабеляў, якія былі падведзены да гэтага аб'екта.
На сённяшні дзень у памяшканні шчытавой зроблены рамонт і ўстаноўлена новае абсталяванне. Абгарэлыя кабелі вывезеныя на металалом. Аднак, па наяўных у мяне звестак — піша Мікалай Уласевіч, — цалкам работы па ліквідацыі наступстваў пажару яшчэ не завершаны, бо шкода, прычыненая пажарам, па сцвярджэннях відавочцаў, вялікая, і на ліквідацыю наступстваў пажару трэба і час, і адпаведныя матэрыялы, і абсталяванне.
Пра гэта надзвычайнае здарэнне, як і калісьці пра падзенне з вышыні корпуса рэактара, мне стала вядома амаль адразу, так як пра гэта загаварылі не толькі будаўнікі, але і мясцовыя жыхары вёскі Баброўнікі, якія бачылі, калі пажарныя з сірэнамі сярод белага дня накіроўваліся на тэрыторыю АЭС. Аднак мне доўгі час не ўдавалася ўсталяваць, дзе менавіта, на якім участку будаўніцтва адбыўся пажар.
Акрамя таго, у мяне выклікалі сумневы крыніцы інфармацыі, якія называлі вельмі ўжо неверагодныя прычыны ўзнікнення пажару. Я не мог паверыць у тое, што пажар, у выніку якога згарэлі магутныя электрычныя кабелі, мог паўстаць ад кінутага недакурка ці нават у выніку зварачных работ, што там праводзіліся. А затым працэс майго расследавання аб тым, што гэта быў за пажар, нечакана затармазіўся ў следства майго месячнага адсутнасці дома ў сувязі з атрыманай траўмай і шпіталізацыяй”, — тлумачыць Мікалай Уласевіч, чаму толькі сёння паведаміў пра пажар, які адбыўся яшчэ 17 лютага, і працягвае:
“Акрамя таго, сёння, зыходзячы з вышэй сказанага тут, я цалкам і цалкам хачу падтрымаць вельмі своечасовую ініцыятыву, прапанаваную Беларускай антыядзернай кампаніяй, і Чарнобыльскі шлях у гэтым годзе ў знак памяці пра ахвяраў жахлівай атамнай катастрофы на ЧАЭС у 1986 годзе працягнуць Шляхам Астравецкім.
У сувязі з гэтым я заклікаю ўсіх неабыякавых грамадзян 26 красавіка ў 18-00 прыйсці да кінатэатра "Кастрычнік" у Мінску і прыняць удзел у Чарнобыльскім шляху. Сябры, прыходзьце і выкажыце сваё стаўленне да гэтага трагічнага памятнага падзеі ў нашай гісторыі, каб Чарнобыль ніколі больш не паўтарыўся на нашай беларускай зямлі.
І памятайце! Астравецкая АЭС — гэта абсалютнае зло, гэта знак бяды! Гэты злачынны праект на нашай зямлі павінен быць спынены любой цаной! Сёння праблема Астравецкай АЭС у Беларусі стаіць як ніколі востра і павінна быць унесена ў парадак шырокага грамадскага абмеркавання як першачарговая задача нашай краіны!
Можа, у Беларусі камусьці і патрэбен «чарнобыльскі кранік», але нам, беларусам, ён навошта?”
* * *
Пазней "Еўрарадыё" датэлефанавалася да інфармацыйнага цэнтру Беларускай АЭС, каб даведацца нешта пра пажар, што здарыўся 17 лютага, у вініку якога выгарала штытавая. Там сказалі, што “такога яны не чулі”.
Зрэшты, раней Мікалаў Уласевіч ужо не раз першым паведамляў пра здарэнні на будаўніцтве АЭС (напрыклад, пра пашкоджанне корпуса рэактара). І яго інфармацыя пра здарэнні на АЭС афіцыйна пацвярджаліся.