Паверце слову чыноўніка
Колькі разоў нам казалі, што павышэнне пенсійнага ўзросту будзе абмеркавана, абяцалі ледзьве не рэферэндум з гэтай нагоды! А ў выніку пенсійны ўзрост фактычна ўжо паднялі ціхенька і незаўважна. Праўда, пакуль што для асобных катэгорый насельніцтва. Але потым яны скажуць: «А чым іншыя горш?»
Фота www.pravdamoskvy.ru
З 1 студзеня 2016 года мінімальны працоўны стаж, неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў, складае 15 гадоў і шэсць месяцаў. Далей штогод ён будзе паступова павялічвацца да неабходных 20 гадоў. Гэта замацавана ўказам кіраўніка краіны №534 «Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння». У дакуменце адзначаецца, што ўказ прыняты ў мэтах адаптацыі сацыяльнага забеспячэння да зменлівых сацыяльна-эканамічных умоў. Нагадаю, што да 1 студзеня мінімальны стаж для прызначэння працоўнай пенсіі ў Беларусі складаў 15 гадоў.
І калі да моманту выхаду на пенсію ў грамадзяніна не будзе хапаць стажу працы, тады тэрмін выплаты пенсіі адсоўваецца на пяць гадоў: мужчынам — да 65-гадовага ўзросту, жанчынам — да 60-гадовага.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны патлумачылі, што гэтая навацыя павінна павысіць матывацыю беларусаў працаваць доўга і легальна. А насамрэч, гэта проста павышэнне пенсійнага ўзросту «для лайдакоў». Раней для гэтых дармаедаў падатак прыдумалі, але нешта не надта ён спрацаваў. А значыць, калі не працуе падатак — пенсію плаціць не будзем. Правільна?
Цікава, што будзе, калі і «дадатковых» пяці гадоў не хопіць, каб набраць патрэбны стаж? Бо з агульнага часу працы выкінулі вучобу ва ўніверсітэце, службу ў войску, дэкрэтныя адпачынкі… У выніку журналісты нават знайшлі жанчыну, якая дэ-факта мела 25 гадоў стажу, а пасля ўсялякіх вылікаў у яе засталося толькі 9 гадоў.
На месцы маладых татаў і мамаў, асабліва шматдзетных, (бо 3–4 дзіцяці — гэта мінус 9–12 гадоў стажу) я б прынёс дзяцей і пакінуў бы іх міністру працы і сацыяльнай абароны Мар’яне Шчоткінай. Хай яна з імі сядзіць, пакуль бацькі стаж зарабляюць.
Сапраўды не вядома, што ў такіх варунках рабіць з нашай дэмаграфічнай праграмай. І без таго падчас цяперашняга крызісу пракарміць сям’ю не так проста. А тут яшчэ і ўлада, не ўносячы час дэкрэтнага ў стаж, проста дэматывуе нараджаць новых людзей. Цікавы, канешне, выбар: альбо дзіцё, альбо пенсія… І пасля гэтага хтосьці называе дзяржаву «сацыяльнай»?
Затое класны падарунак зроблены тым, хто не хоча трымаць зброю ў руках. Канешне, закон пра альтэрнатыўную службу — драпежніцкі: тэрміны службы завялікія і грашовае ўтрыманне мізэрнае. Затое прызыўнік можа працаваць у сацыяльных установах. Так, працаваць за жабрацкі заробак — але ж тры гады ў стаж ідзе!
І, дарэчы, дзе сацыяльная справядлівасць? Чаму афіцэрам за службу ў войску стаж ідзе, а шарагоўцам — ані кропелькі? Давайце з афіцэраў таксама здымем гэта шчасце: служба ў войску не прыроўніваецца да стажу. І тады паглядзім, што будзе з нашым войскам і Міністэрствам абароны.
«Сілавікоў» увогуле можна перавесці на самаакупнасць. Першыя крокі ў гэтым ужо зробленыя. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч распавёў на тыдні, што стаўленне міліцыі да несанкцыянаваных вулічных акцый «некалькі трансфармавалася». Апазіцыянераў, якія спрабуюць «пашырыць прастору свабоды», перасталі біць дубінкамі па галаве. Замест гэтага на завадатараў мітынгаў і шэсцяў завочна складаюць пратаколы, а іншым разам — і завочна судзяць, накладаючы вялікія штрафы.
«Мы знайшлі прымальны з пункту гледжання дзяржаўнай улады і цывілізаваны з пункту гледжання міжнародных патрабаванняў алгарытм нашых дзеянняў», — растлумачыў генерал Шуневіч на прэс-канферэнцыі 1 сакавіка ў Мінску.
Дэ-факта гэта значыць, што ўладам можна скараціць АМАП, пашырыўшы замест яго службу дакументацыі. Усё ж эканомія. Да таго ж сабраныя з апазіцыянераў штрафы можна якраз пусціць на заробак супрацоўнікам. І, канешне ж, на «ашчаджальную» пенсію.
Тым больш, што скарачэнне АМАП нічым не пагражае. Беларускія апазіцыянеры настолькі лагодныя, белыя і пухнатыя, што нават на масавых шэсцях скрыжаванні пераходзяць выключна згодна з правіламі дарожнага руху — на зялёнае святло.
Увогуле, «сілавікі» і так шмат чым зарабляюць. Не кажу пра службу міліцыі «Ахова», якая ставіць на сігналізацыі кватэры і дамы. На тыдні ў Мінску пачаўся буйны працэс па самай гучнай у гісторыі Беларусі справе аб распаўсюджванні наркотыкаў. На лаве падсудных 17 чалавек. Сярод іх былыя работнікі КДБ і МУС, і нават былы супрацоўнік аднаго самага тыражнага дзяржаўнага выдання. КДБ нават выступіў са спецыяльным абвяржэннем, што двое з падсудных «не з’яўляюцца дзейснымі супрацоўнікамі» гэтага ведамства. Значыць, на момант гандлю наркотыкамі з’яўляліся?
Ну і яшчэ крышачку з новых лічбаў. Нашая сацыяльная дзяржава такая сацыяльная, што, аказваецца, за рысай беднасці жывуць паўмільёна беларусаў. А дакладней — 503 тысячы 431 чалавек. І гэта не нейкія «варожыя» падлікі літоўска-беларускіх сацыялагічных інстытутаў, а афіцыйныя дадзеныя Белстату.
Часцей за ўсё за мяжой беднасці аказваюцца сем’і з дзецьмі да 18 гадоў. Напрыклад, у чацвёртым квартале 2015 года яны складалі 7,8% ад усіх хатніх гаспадарак гэтай катэгорыі. Менш за ўсё тых, чый месячны даход не дацягвае да бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ), — сярод «адзіночак» (1,5% ад гэтай катэгорыі). Сярод бяздзетных сем’яў гэты паказчык складае 1,8%.
Калі глядзець статыстыку па рэгіёнах, то менш за ўсё хатніх гаспадарак за мяжой беднасці ў кастрычніку-снежні мінулага года было ў Мінску (0,8%) і Гродзенскай вобласці (2,6%). Лідзіруюць па гэтым паказчыку тры вобласці — Гомельская (5,6%), Брэсцкая (5,4%) і Магілёўская (5%).
Пры гэтым сярэднедушныя наяўныя рэсурсы ў 63,5% беларусаў (6 мільёнаў 31,7 тысячы чалавек) у чацвёртым квартале 2015 года не перавышалі 4 мільёны рублёў у месяц.
Хтосьці яшчэ верыць у «сацыяльную дзяржаву»?