Павал Пянёнжак: Узнаўленне вайны ў Данбасе — пытанне двух-трох тыдняў

Інтэрв'ю з польскім ваенным рэпарцёрам Паўлам Пянёнжкам, які асвятляў увесь украінскі крызіс — ад Майдану да Дэбальцава.



c12e9f7.jpg

Фота: www.ria.ru

Прарасійскія сепаратысты пачнуць наступ на Данбасе ў бліжэйшыя тыдні — лічыць польскі ваенны карэспандэнт Павал Пянёнжак, які нядаўна вярнуўся з зоны канфлікту. Пра ўмовы жыцця і настроі мірных жыхароў, праблемы з дысцыплінай сярод прарасійскіх сілаў і ўкраінскай арміі з журналістам размаўляе Аляксандр Папко.

— Спадар Павал, эксперты прадказваюць, што мір у Данбасе не пратрымаецца доўга і што, як толькі падсохнуць дарогі, баявыя дзеянні пачнуцца ізноў. Ці праўда гэта?

redaktorext.polskieradio.pl__c0068f13_aa4b_4_083108ba8d489b1018bffcb567bb95d2.jpg

— Я думаю, мы не дачакаемся нават, калі падсохнуць дарогі. Наступ расійскіх сілаў пачнецца ў бліжэйшы час — гэта пытанне двух-трох тыдняў, можа месяца. Пра хуткае аднаўленне баёў сведчаць абстрэлы ў ваколіцах Данецка, Марпыупаля, Горлаўкі. А самае галоўнае — усё больш частыя высылкі Расіяй так званых «гуманітарных канвояў», чый гуманітарны характар вельмі сумнеўны.

— Як выглядае жыццё ў Данецку, Луганску і іх ваколіцах? Ці ёсць праца, сродкі ўтрымання, ежа ў людзей, якія жывуць пад уладай ДНР і ЛНР? Ці засталася там моладзь? Ці ездзіць там транспарт?

— Дабрацца ў Данецк і Луганск можна аўтобусамі, маршруткамі — у гэтым няма праблемы. Калі нехта хоча выехаць на тэрыторыю Украіны, трэба мець пропуск, праехаць праз блокпосты. Аднак гэта не з'яўляецца вялікай праблемай. Горш выглядае сітуацыя з харчаваннем. Прадуктаў становіцца ўсё менш, некаторыя знікаюць з паліцаў. Але ўвесь час прадукты першай неабходнасці ёсць. Сапраўдныя праблемы пачынаюцца ў аптэках. Вялікай праблемай, напрыклад, стала купіць памперсы.

Моладзь у Данецку і Луганску таксама ёсць. Нельга сказаць, што ўсе выехалі і там засталіся адны старыя. Там засталіся, напрыклад, студэнты, якія вучацца ва універсітэтах. Аднак яны не ведаюць, хто будзе прызнаваць іх дыпломы. Пры гэтым сітуацыя ў Данецку выглядае значна лепш, чым у аддаленых гарадах — Шахцёрску, Тарэзе і іншых.

— Якая матывацыя людзей якія ваююць за ДНР? Чаму яны бяруць у рукі зброю?

— Яны вераць, што змагаюцца за нешта лепшае: за «русский мир», вераць у тое, што могуць стварыць лепшую дзяржаву. Некаторыя хочуць далучыцца да Расіі. А некаторыя вераць, што здольныя пабудаваць незалежную дзяржаву, хай сабе і непрызнаную, дзе людзям будзе запэўненая лепшая будучыня. Хоць гэта марныя надзеі, але яны ў гэта вераць. Трэція змагаюцца за нейкую самастойнасць. Цяжка сабраць усе гэтыя погляды разам, бо людзі там кажуць абсалютна розныя рэчы. Адны хочуць дайсці да Кіева, іншыя — да Львова. Аднак, хутчэй за ўсё, іх бліжэйшай мэтай з'яўляецца дайсці да межаў Луганскай і Данецкай абласцей. Самі сепаратысты, па-шчырасці, не ведаюць, як павінна выглядаць «Наваросія». Кожны акрэслівае яе межы па-свойму.

— Ці ненавідзяць Украіну жыхары Данбасу, які знаходзіцца пад кантролем Кіева? Ці варта баяцца паўстання ў тыле арміі?

— Такіх паўстанняў не было раней і наўрад ці будуць у будучыні. Калі б не падбухторванне Расіі, то мінулагоднія пратэсты ў Данбасе ніколі б не перараслі б у нешта больш сур’ёзнае. Аднак людзі ў Данбасе сапраўды стомленыя вайной, злыя, часта абвінавачваюць украінскую армію. Найгоршай сітуацыя была ў Дэбальцава — тады, калі яго ўтрымлівала ўкраінская армія. Грамадскія настроі там былі вельмі антыўкраінскімі. І тут узнікае пытанне да ўкраінскіх уладаў, да міністэрства інфармацыі: чаму ніхто не падумаў, як размаўляць з гэтымі людзьмі? Пры гэтым на тэрыторыі, якая кантралюецца сепаратыстамі, таксама засталося вельмі шмат праўкраінскіх людзей. Данбас — гэта не аднародная маса. Гэта вельмі розныя людзі.

— Як выглядае маральны дух украінскай арміі і маральны дух прарасійскіх сілаў? Ці няма праблемаў з алкаголем, дысцыплінай?

— Маральны дух украінскай арміі напэўна панізіўся пасля Дэбальцава — катла, які можна было пазбегнуць, але якога не пазбеглі. Жаўнеры, якія яшчэ ўчора хацелі змагацца, сёння сталі думаць: “А навошта мне ваяваць? Я атрымаю бессэнсоўны загад са штабу і буду павінен яго выканаць”. І жаўнеры сапраўды разгубленыя. З аднаго боку, яны хочуць абараняць краіну, а з іншага — ведаюць, што генштаб можа іх падставіць. Калі казаць пра сепаратыстаў — то іх настрой пасля здабыцця Дэбальцава і Данецкага аэрапорту ўзняўся. У Дэбальцава было бачна, што яны ганарацца сабой.

Калі казаць пра дысцыпліну — то пасля выхаду Дэбальцава ў Арцёмаўску ўкраінскія жаўнеры мелі вялікія праблемы з алкаголем. Шмат у каго былі псіхалагічныя траўмы. У сепаратыстаў таксама ёсць праблемы з алкаголем. Аднак я думаю, што няма вайны, на якой у арміяў не было б праблемаў з гарэлкай.

— Расійскія СМІ пастаянна заяўляюць, што ва ўкраінскай арміі ваююць нацысты. Ці сапраўды ва ўкраінскіх падраздзяленнях ёсць “фашысты” і ці ёсць яны на расійскім баку?

— Канешне, праблемы з крайне правымі ёсць. Яны ёсць у кожнай краіне. Вайна — гэта момант, калі людзі, якія рамантызуюць сілу, першымі кідаюцца ў бой і атрымліваюць магчымасць пашырыць кола сваіх прыхільнікаў. Пытанне ў тым, ці зможа Кіеў утрымаць сітуацыю пад кантролем. Пакуль што такіх людзей няшмат. Канешне, ёсць рэчы, якія цяжка зразумець. Напрыклад, батальён “Азоў” сапраўды ўжывае сімволіку, якую лічаць неанацысцкай. Аднак далёка не ўсе байцы ведаюць, што гэта за сімвал, а пераважная большасць увогуле не звяртае на гэта ўвагі.

Па супрацьлеглым баку таксама выкарыстоўваюць нацысцкія сімвалы. І каб убачыць гэта, не абавязкова ехаць на Данбас — дастаткова паглядзець на старонкі баевікоў на “Вконтакте”. Нацысцкія сцягі выкарыстоўваюць людзі з расійскімі імперскімі поглядамі, якія адначасова падтрымліваюць Пуціна. Так што нельга паўтараць штамп, што ў Данбасе расійскія “антыфашысты” змагацца з украінскімі “фашыстамі”.

— І апошняе пытанне: калі гэтая вайна завершыцца, і як яна можа завершыцца?

— Пакуль не бачу прычынаў, з-за якіх яна можа закончыцца хутка. Прагназаваць вельмі цяжка. Ужо некалькі разоў здавалася, што канфлікт павінен завяршыцца, а ён разгараўся ізноў. Пакуль не бачна ніякіх шанцаў, што Кіеў зможа ўзяць пад кантроль увесь Данбас. Хутчэй за ўсё, канфлікт замарозіцца, і будзе створаная непрызнаная рэспубліка кшталту Прыднястроўя ці Абхазіі. Але калі вайна скончыцца і як скончыцца — сёння не зможа адказаць ніхто.

Размаўляў Аляксандар Папко, www.radyjo.net