«Пашпарт турыста» бязвізавай зоны будзе на трох мовах — і без беларускай

Гарадзенскае Упраўленне спорту і турызму абʼявіла, што збіраецца выдаваць адмысловыя пашпарты турыстам у бязвізавай зоне. «Пашпарты» будуць на трох мовах: расійскай, польскай і англійскай.

Фота: traveling.by

Фота: traveling.by


Гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч абурыўся, што ў пашпарце не будзе беларускай мовы, і напісаў ліст да кіраўніка ўпраўлення Алега Андрэйчыка, перадае Радыё Свабода.
Хільмановіч заклікае неадкладна выправіць гэтую памылку і ўнесці мову тытульнай нацыі дзяржавы ў сімвалічныя пашпарты.
«Ідэя ўвядзення пашпарта для турыстаў, безумоўна, добрая, але ўявіце сабе, што ў ёй ня будзе дзяржаўнай мовы, мовы тытульнай нацыі! У суседніх з намі краінах пражывае шмат беларусаў, якія будуць прыязджаць, атрымліваць такі пашпарт, і што яны падумаюць? Ды і для турыста, які наведвае Беларусь з Еўропы, цікава хоць некалькі слоў вывучыць па-беларуску — гэта ж нармальна, бо яны ўсё ж наведваюць Беларусь. Думаю, што гэта папросту выпадковая недарэчнасць з боку чыноўнікаў, якую яны хутка выправяць. Зрэшты, пачакаем адказу. Наогул, я заклікаю ўсіх неабыякавых грамадзян нагадаць чыноўнікам пра беларускую мову».
Вядома, што «пашпарт турыста» будзе ўяўляць сабой друкаваны буклет з інфармацыяй пра рэгіён, адрасы гатэляў, кавярняў, музеяў, аграсядзібаў, карысныя інтэрнэт-сайты. Турысты з такімі пашпартамі ў пазначаных у буклеце месцах змогуць атрымаць зніжкі. Плануецца, што пашпарты турыстам пачнуць выдаваць у снежні.
Паводле eurobelarus.info