Памёр Сакрат Яновіч — адзін з самых вядомых беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы

Апошнія гады Сакрат Яновіч пражыў у родным мястэчку Крынкі, што непадалёк ад мяжы з Беларуссю. Вярнуўся сюды з Беластоку. У сваім доме ён заснаваў «Вілу Сакратэс» — беларускі культурніцкі асяродак, выпускаў аднайменны штогадовы часопіс.



untit1.jpg

Сакрат Яновіч

Сакрат Яновіч нямала зрабіў для беларускага адраджэнскага руху ў Польшчы. Ён дапамагаў моладзі ўсвядоміць сябе нацыянальна, пачаць працаваць на беларускай ніве.

Успамінае доктар гістарычных навук з Беластоку Алег Латышонак: «Сакрат Яновіч быў правадыром для майго пакалення. Калі я ўваходзіў у нацыянальнае жыццё, ён быў безумоўным лідэрам, настаўнікам. Сакрат і тое, што мы рабілі разам, — гэта вельмі важная частка маёй маладосці. Так што мне цяжка ацэньваць Сакрата. Безумоўна, ён быў самым выдатным пісьменнікам на Беласточчыне і адным з найбольш выдатных у агульнабеларускім маштабе. Думаю, што ягоная літаратура застанецца, і мы будзем да яе вяртацца».
 

Сакрату Яновічу хацелася, каб беларусы ў Польшчы выступалі на выбарах ад свайго імя, мелі сваіх прадстаўнікоў у органах улады. Пра гэта ўзгадвае доктар гістарычных навук Алег Латышонак: «Вельмі хацеў, каб беларусы сталі гаварыць сваім голасам, гэта быў яго лозунг, і без яго нашая палітычная дзейнасць не мела б такога маштабу. Ён вызначаў нам, пэўна ж, вельмі вялікія мэты, але калі чалавек вялікіх мэтаў сабе не ставіць, то ён нічога не дасягне. Ён узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне. Але напачатку быў яшчэ Беларускі клуб, які існаваў неафіцыйна. Раней было беларускае незалежнае выдавецтва падпольнае, якое ён арганізаваў у 1980-я гады».
 

Гарадзенская паэтка Данута Бічэль выказвае спачуванні родным Сакрата Яновіча і «ўсёй Беласточчыне». "Таму што Беласточчына — гэта Сакрат Яновіч, "Ніва"— гэта Сакрат Яновіч”, кажа яна. «Ён быў тыповым прадстаўніком беларусаў Беласточчыны, ён фармаваў тую мову і тую культуру. Яна адрозніваецца ад нашай, але толькі цяпер я зразумела, якое гэта багацце. Ён быў вельмі шчодрым. Калі я трапіла на Беласточчыну — а ён ужо з’ездзіў у Лондан і зрабіў ксераксы ўсіх друкаў, якіх у нас не было, — ён іх ужо выкарыстаў для сябе як пісьменнік і аддаў усё мне.
 

Ён вучыў нас, як выступаць перад народам. Заўсёды напачатку самае галоўнае. Першая фраза, першы сказ быў “забойным”, быў цвіком, а потым людзі ўжо слухалі. Мне вельмі шкада, што страчаны для нашай культуры такі вялікі чалавек. Хоць пісьменнікі не паміраюць, яго творчасць застанецца. Яго публіцыстычныя творы, кароткія апавяданні, аповесці, яны вельмі добрыя, і чытаць іх будуць», — прыгадвае паэтка.
 

Сакрата Яновіча вельмі натхніла незалежнасць Рэспублікі Беларусь, пра якую ён марыў. Гэтая падзея падмацавала яго. Можна было моцна стаяць на абедзвюх нагах: жыць у дэмакратычнай Польшчы і ездзіць у дэмакратычную Беларусь. Ён быў з тых нешматлікіх пісьменнікаў, хто нагадваў беларусам пра сваіх герояў, пісаў пра паўстанне Кастуся Каліноўскага, яго аповесць «Сярэбраны яздок» выйшла ў Мінску.
 

Роспач выклікала ў Сакрата Яновіча вяртанне Беларусі ў мінулы час. Але ён не апусціў рукі, не пакінуў беларускай нівы. Ягоныя кнігі, гадавік «Annus Albaruthenicus» («Год Беларускі») сталі адметнай часткай кнігазбору беларусаў.

www.svaboda.org