Палітвязень Уладзімір Гундар: у карцары ці не?

Палітвязень, інвалід Уладзімір Гундар, меркавана, усё яшчэ ў карцары, хоць тэрмін утрымання скончыўся 5 ліпеня. Туды яго пасадзілі за адмову прызнаваць сябе экстрэмістам.

gundar_03_1.png


У карцары ён абвясціў галадоўку (спачатку сухую), напісала яго дачка Інга ў Facebook.

«Падчас знаходжання ў карцары тату стала, мабыць, вельмі дрэнна са здароўем. Як сказаў начальнік СІЗА на сустрэчы з татавай жонкай, з-за гэтага пагаршэння лекар дала распараджэнне вярнуць яго ў камеру для аднаўлення здароўя. У камеры ён прабыў два дні, пасля чаго яго зноў вярнулі ў карцар», — распавядае Інга.

Паводле яе слоў, сёння а 9-й гадзіне Гундара павінны былі вярнуць у камеру. «У нас няма ніякай канкрэтыкі аб стане яго здароўя. На пытанне, што было са здароўем, з-за чаго вярнулі тату ў камеру, нічога не сказалі, акрамя таго, што так сказала лекар. У якім ён цяпер стане, адказ таксама не атрыманы. Пры гэтым мы яшчэ ў СІЗА КДБ перадалі танометр. Але выкарыстоўваць яго магчымасці няма, таму што прыбор ляжыць на складзе», — адзначыла яна..

«Начальнік СІЗА таксама сцвярджае, што лісты, якія прыходзяць да іх, яны ўсе-усе перадаюць (гэта не так). Яны ж любяць ва ўсім вінаваціць пошту... Паводле слоў начальніка, тата цяпер у іх самы "цяжкі", бо адмаўляецца прызнаваць сябе экстрэмістам. Вось у мяне пытанне. Чаму яшчэ менш за месяц таму ніякіх праблем з татам не было, а цяпер ён, раптам "самы праблемны"?» — задаецца пытаннем дачка палітвязня.

«Наогул, размова ішла ў такім рэчышчы, што яны ўсе малайцы, выконваюць свае загады (“мы нікога не б’ём, мы выконваем свае абавязкі, і нам не прыемна, калі нас абражаюць і гэта парушае правілы паводзін зняволенага”). Атрымліваецца, што яны цалкам "законна" могуць змясціць любога ў карцар, хто не хоча адступаць ад сваіх перакананняў, і ім усё роўна, у іх выразныя ўказанні іх абавязкаў», — зазначыла Інга.

Дачка Уладзіміра Гундара вельмі непакоілася, што тата застаўся без лекаў, «а без таблетак ў яго зноў можа здарыцца гіпертанічны крыз, які ён ужо перанёс у СІЗА КДБ, а таксама ўзнікае пагроза пазбавіцца другой нагі».