Палітвязень Банцэр перадаў з «хіміі», што галадаў 19 дзён у штрафным ізалятары

Рок-музыку Ігара Банцэра выпусцілі са штрафнога ізалятара, дзе ён правёў апошнія 40 дзён. Гарадзенец расказаў, што за парушэнні яго збіраюцца пераводзіць з «хіміі» ў калонію.

Ігар Банцэр перад ад'ездам на «хімію», чэрвень 2021

Ігар Банцэр перад ад'ездам на «хімію», чэрвень 2021


Ён паведаміў, што апошнія 19 дзён трымаў галадоўку, піў толькі ваду. Адчувае сябе кепска, думае, што выйсці з галадоўкі сам не здолее, будзе дамагацца магчымасці легчы ў шпіталь, перадае Радыё Свабода.

Сёлета ў сакавіку музыка галадаў 16 сутак бязь ежы і вады падчас суду. Пасля гэтага яго здароўе пагоршылася, пачаліся праблемы са страўнікам. Калі ён выйшаў з турмы, у яго выявілі гепатыт С.

Апошнія тры тыдні ў штрафным ізалятары Ігар Банцэр не мыўся, каб не захварэць.

Таксама стала вядома, за што яго каралі чатыры разы запар. Першыя 10 сутак атрымаў, бо спазніўся на некалькі хвілін на адбой. Столькі ж у другі раз — «быў няголены». Трэці — нібыта адмовіўся прыбіраць туалеты. Чацьвёрты — быццам бы сварыўся з супрацоўнікамі «хіміі».

Вязню паведамілі, што яго будуць пераводзіць з папраўчай установы адкрытага тыпу ў Віцебску ў калонію.

Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст. Каля 10 гадоў працаваў карэспандэнтам гродзенскай незалежнай газеты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнанні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.

Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Гродзенскі рок-клуб». У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягон арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных устаноў.

З 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.

20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).

На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла суддзя Наталля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.

3 сакавіка 2021 года ў першы дзень суду Банцэр абвясціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусцілі ў залі суду. Пасля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязню заставалася сядзець 8 месяцаў.

Пасля зняволення ў гарадзенца выявілі падазрэнне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі. Ён пачаў адбываць пакаранне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэнне, нягледзячы на стан здароўя.