Палітвязень Аляксей Галаўко чакае, што яму дадуць максімальны тэрмін
Маці палітзняволенага з Брэста Аляксея Галаўко трапіла на спатканне з сынам у СІЗА на Валадарскага. Алена Галаўко падзялілася з «Новым Часам» уражаннямі ад сустрэчы.
— Выглядае добра. Настрой бадзёры. Крыху захварэўшы зараз. Са справай азнаёміліся. Даведаўся пра сябе шмат новага. Напрыклад, што ён небяспечны для чалавецтва і свету. Ад суда чакае, што дадуць максімальна магчымы тэрмін, — паведаміла Алена Галаўко.
Адносна часу, праведзенага ў СІЗА, Аляксей кажа, што кожны дзень адбываецца адно і тое ж: п'еш гарбату, смаліш, глядзіш тэлебачанне, нічога не здараецца. Яго два разы пераводзілі ў іншыя камеры. Некалькі дзён палітвязень правёў у кампаніі былога дырэктара інфармацыйнай кампаніі Б*лаПАН Дзмітрыя Наважылава і Уладзіміра Калача з гурта Irdorath. Вельмі цёпла адгукаўся пра гэтых людзей.
Час у СІЗА вязні бавяць гульнёй у мафію ды разгадваннем данетак. Навіны прыходзяць, у асноўным, тэлевізара, але аддаюць і газету «Беларусы і рынак».
— З апошняга спадабалася інтэрв'ю з польскім вайскоўцам. Стрэлы ў лоб, ваўкі... На пытанне пра тое, як ставіцца да цяперашніх падзеяў, адказаў пытаннем: «А што, раней было па-іншаму?», — перадала Алена Галаўко. — Атрымаў два рапарты за сон. Спаў пасля пад'ёму. Уменне спаць у любым стане і любой сітуацыі гуляе не на яго карысць у дадзеным выпадку.
Алена Галаўко
На пытанне, як за час зняволення змянілася жыццё яго жыццё, Аляксей Галаўко лаканічна адказаў, што стаў мыцца адзін раз на тыдзень. Найбольш не хапае яму любімага ката і музыкі.
— Погляды і перакананні за гэты час не змяніліся. Дарэчы, яшчэ раз спыталася пра памілаванне — хто ж ведае, у які бок пахіснецца тупіковая сітуацыя? Тут ён успомніў пра Анджэя Пачобута.
Па словах маці палітвязня, лістоў Аляксей зараз піша не шмат, не стае часу. Ды і вяртаюць часцяком. Напішаш вясёлае — вяртаюць, сумнае — таксама. Але хлопец дзякуе ўсім за падтрымку.
Нагадаем, Аляксея Галаўко затрымалі 5 сакавіка 2021 года ў межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Брэсцкай вобласці.
Хлопцу прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і па ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). У канцы лістапада 2021 года з'явілася інфармацыя аб тым, што Аляксею інкрымінавалі яшчэ два артыкулы КК: ч. 1 арт. 361 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання); арт. 341 (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Падтрымаць Аляксея Галаўко можна, напісаўшы яму на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.