Пакуль былы следчы быў на допыце, яго машыну ўскрылі невядомыя

Былога следчага Яўгена Юшкевіча сёння выклікалі на допыт у Следчы камітэт. Пакуль ён быў на допыце, нехта забраўся ў машыну яго бацькі, на якой ён прыехаў.

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа


Усталяваны ў машыне рэгістратар запісаў гукі таго, што адбываецца, у кадр трапілі рукі невядомага, піша REFORM.by.

«Дзверы ў машыне адчыняюцца самі, нейкія рукі поўзаюць па панелі, нешта адкрываюць, пакуль я адказваю міламу (рэальна) следчаму на бессэнсоўныя пытанні. Спадзяюся, што зашывалі не наркотыкі, а жучкі, таму што я да іх (наркотыкаў. — Рэд.) вельмі дрэнна стаўлюся, і пару гадоў жыцця аддаў барацьбе з імі, і ні я, ні бацька нічога не ўжываем» — напісаў Юшкевіч у Facebook.

Юшкевіч заяўляе, што пасля яго мінулага допыту ў СК ён выявіў, што рэчы ў сумцы, якую ён пакінуў у камеры захоўвання, ляжаць у іншым парадку. Ён таксама заўважаў прыкметы прысутнасці старонніх у яго дома, калі яго не было.

Яўген Юшкевіч быў затрыманы ў Мінску 24 лістапада паводле арт. 342 КК аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх. Юшкевіча ўзялі пад варту і 28 лістапада перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА №1 на Валадарскага. Ён знаходзіўся ў статусе падазраванага. У пачатку снежня яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

Юшкевіч сышоў са Следчага камітэта некалькі гадоў таму, займаўся android-распрацоўкай. У 2020 годзе ён стаў ініцыятарам праекта ByChange для дапамогі і перанавучання сілавікоў і дзяржслужачых, якія страцілі працу з-за сваёй палітычнай і грамадзянскай пазіцыі.