«Пакінулі ўсё як ёсць». Чыноўнікі не ў стане вырашыць праблемы грамадскага транспарту

Жыхары Брэсцкай вобласці пішуць пра свае праблемы з транспартам у раённыя газеты ў надзеі вырашыць пытанне. Адгадайце, што адказваюць чыноўнікі?

horad__transpart__praezd__autobus_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1_logo.jpg_1.webp

Скарачэнне адзінак грамадскага транспарту ў вёсках выклікае шчырае неразуменне ў мясцовых жыхароў. І на гэта ёсць свае прычыны, піша выданне bgmedia.site.

Напрыклад, у Івацэвіцкім раёне жыхарка напісала ў мясцовую раёнку, што яе сям'я, якая жыве ў райцэнтры, адчувае цяжкасці з адсутнасцю транспарту: «Даставіць дзяцей у сады, у школы, трапіць на працу становіцца проста нерэальна, калі няма аўтамабіля або машына зламалася. Дзеці, якія вучацца ў другую змену, дадому ўсё ж пешшу не прыйдуць, улічваючы цяперашнія ўмовы надвор'я і памяншэнне светлавога дня... Дадзеную сітуацыю неабходна вырашаць, яна дастаўляе максімум праблем жыхарам гэтага раёна».

Па каментар мясцовая газета звярнулася да дырэктара аўтапарка № 14 Юрыя Куратніка. Ён адказаў, што гэта ўжо не першы зварот ад жыхароў гэтага мікрараёна і ён са сваімі калегамі прыйшоў да наступнай высновы: «Да чаго прыйшлі? Пакінулі ўсё як ёсць. Стан дарог такі, што там не можа курсіраваць аўтобус, на адным участку трэба рабіць водапаніжэнне. <...> Аўтапарк № 14 горада Івацэвічы гатовы падоўжыць гэты маршрут пры ўмове ўдасканалення дарожнага пакрыцця і ўладкавання прыпыначных пунктаў».

Выходзіць, што велізарныя грошы на рознага роду відовішчы і непатрэбныя аб'екты, як гэта было, напрыклад, з комплексам пагранзаставы «Мохра», ёсць. А вось для паляпшэння дарогі для жыхароў і дзяцей сродкаў няма.


Глядзіце таксама

У Лунінецкім раёне падобная сітуацыя. Мясцовая газета перадрукавала зварот жыхаркі са скаргай на тое, што не можа адведаць бацькоў у аддаленым аграгарадку праз скасаванне аўтобуса: «Цяпер, каб трапіць у нядзелю грамадскім транспартам у Вялікія Чучавічы і навакольныя вёскі, людзям даводзіцца ўставаць прыкладна ў тры гадзіны ночы, бо аўтобус адпраўляецца ад аўтастанцыі ў 04:10 раніцы. Пагадзіцеся, гэта вельмі рана, тым больш для выхаднога. Наступны рэйс ідзе ў гэтым кірунку толькі ў 15:25».

Паводле слоў мясцовай жыхаркі, таксама існуе і зваротная праблема — даехаць назад з Вялікіх Чучавіч у райцэнтр: «Менавіта перад пачаткам працоўнага тыдня пасажыраў больш, многія навучэнцы і студэнты дабіраюцца на чыгуначны вакзал, на цягнікі, якія адпраўляюцца ноччу. Гэты маршрут быў бы вельмі зручным. <...> Мы просім крыху перагледзець расклад руху аўтобусаў усяго толькі аднаго дня на тыдзень».

Каментары ў адказных службаў мясцовая раённая газета не брала. Толькі выказала надзею, што «кіраўніцтва аўтапарка №10 адрэагуе на праблему і, па магчымасці, пойдзе насустрач насельніцтву».