«Падумаеш, цуд. Мы ўмеем рабіць такія цуды ў прамысловых колькасцях»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» лічыць, што беларусы за апошнія гады ператварыліся ў чараўнікоў. І яны сапраўды могуць рабіць цуды — не толькі на Каляды, і не толькі ў асобных справах. А вось хто цуду дачакацца не здолее — дык гэта «сведкі стабільнасці».

img1.akspic.ru_rozhdestvenskie_ukrasheniya_rozhdestvo_novyj_god_nebo_sneg_5500x4103.jpg

З Калядамі, дарагая!

Ведаеш, а ў мяне для цябе будзе сёння гісторыя пра цуд. Таму што Каляды ж вакол нас. А сюжэт гэтай гісторыі якраз выбудаваны па ўсіх правілах калядных гісторый.

На тыдні рэдакцыя reform.by паведаміла, што ў рэдакцыі больш няма грошай. Што рэдакцыі адмовілі ў фінансаванні і што без грошай доўга працаваць рэдакцыя не зможа. І ўжо сведкі стабільнасці пачалі гучна радавацца з гэтай нагоды ў сваіх тэлевізарах. І распавядаць пра тое, які сумны безграшовы лёс чакае астатнія беларускія медыя.

А потым рэдакцыя адкрыла збор данатаў. І за суткі сабрала 17 тысяч еўра. Адпаведна, ніхто нікога зачыняць не будзе, а будуць працаваць, як працавалі раней. Толькі яшчэ лепш.

Гэта значыць, тыповы такі калядны цуд. Хоць кіно здымай у Галівудзе. Хоць, калі падумаць, то не такі ўжо і цуд. Першы раз, ці што? Бачылі мы за апошнія чатыры гады такіх цудаў.

Хоць, калі добра падумаць, то ўсё ж такі цуд. Бо не першы раз. Таму што за апошнія чатыры гады мы бачылі шмат такіх цудаў. Але цуды не перастаюць быць цудамі ад таго, што яны становяцца рэгулярнымі паўсядзённымі практыкамі.

Ну цуд і цуд. Падумаеш, вялікая справа, так? Мы такія цуды ўмеем вырабляць у прамысловых колькасцях.

Мы навучыліся ратаваць адно аднаго ад Covid, хаваць незнаёмцаў ад АМАПу ў сваіх кватэрах, дапамагаць зняволеным і памятаць, што ў нас заўсёды ёсць наша салідарнасць. І гэта галоўны цуд. Што наша салідарнасць нікуды ад нас за чатыры гады не падзелася. Хоць усімі губазікамі з усіх сіл нас спрабуюць ад яе пазбавіць.

І не толькі губазікамі. Спецыяльна навучаныя людзі распавядаюць нам, што ніякай салідарнасці не бывае. Што кожны сам за сябе, а Бога, які быў бы за ўсіх, няма. Што калі людзі робяць добрыя справы, то яны робяць гэта выключна ў сваіх карыслівых інтарэсах.

А мы часам слухаем. Бывае, мы нават бурчым. Але калі трэба дапамагчы, то мы дапамагаем, і не чакаем сабе за гэта падзякі.

Ну і, вядома, сведкі стабільнасці не ўмеюць такога зразумець і прадбачыць. Таму што сведкі стабільнасці вельмі добра навучыліся распавядаць у тэлевізары, як яны за Радзіму і за Сталіна, гатовыя ахвяраваць у сябе самым дарагім. Але калі даходзіць да справы, ім і тры рублі ахвяраваць шкада. Таму што тры рублі свае, каб аддаваць іх старонняму чалавеку. Таму што ў сведак стабільнасці хата заўсёды з краю.

Таму што не бывае салідарнасці ў людзей, якіх трымаюць разам толькі кайданкі. Таму што цуды здараюцца ў тых, хто ў іх верыць. Таму што чараўніцтва заўсёды вакол нас.

Ну хіба гэта быў не цуд, калі сокалы скінулі пацука прама на прыступкі Дома ўрада якраз у дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу?