Падпісак гадоў на сем калоніі: што чытаюць у інтэрнэце чыноўнікі, дыпламаты і сілавікі

Многія беларускія міністэрствы — удзельнікі «экстрэмісцкіх фарміраванняў». А яшчэ яны любяць мемы пра Лукашэнку. «Экстрэмісцкае» ў Беларусі еўрапейскае радыё зірнула, на каго беларускія чыноўнікі, дыпламаты і сілавікі падпісаныя ў Твітары.

Калаж Улада Рубанава

Калаж Улада Рубанава


Пакуль «простых беларусаў» за падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, непажаданыя для ўлад, адпраўляюць у калоніі, тыя, з чыёй маўклівай згоды (а часта — і актыўнай ухвалы) гэта адбываецца, спакойна падпісаныя на «экстрэмістаў». Гэй, ГУБАЗіК! Усе роўныя — але некаторыя раўнейшыя, і ў дачыненні да «сваіх» законы не дзейнічаюць?

МЗС Беларусі сабрала ў падпісках некалькіх вытворцаў экстрэмісцкага кантэнту: «Зеркал*», T*T.by, D_W. І нават з'яўляюцца ўдзельнікам экстрэмісцкіх, на думку ўлад, фарміраванняў «Наша н*ва» і Бел@ПАН.

midgot.webp

У МУС сабраліся яшчэ больш заўзятыя бунтаўнікі. Афіцыйны акаўнт з «птушачкай» не саромеецца адначасова чытаць «СБ» і «Х@ртыю'97», «Зеркал*», «Вясн@», T*T.by. Яшчэ МУС далучыўся да анархісцкага «экстрэмісцкага фарміравання» — «Рэв@люцыйнае дзеянне». Сярод чытаных ёсць і менш дзёрзкія «экстрэмісцкія фарміраваннi» — Еўр@радыё і Бел@ПАН.

mvd_0.webp


Прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч не ўтрымаўся ад падпіскі на «Зеркал*». А сам акаўнт СК раней упадабаў паведамленні экстрэмісцкага фарміравання «Радыё Св@бода». Захаваўся нават лайк «тэрарысту» Антону Матольку, які каментуе запіс Еўр@радыё. Калі ў Твітары ставіш «сэрцайка», іншыя чытачы могуць гэта ўбачыць. Паводле абноўленых нядаўна беларускіх законаў выходзіць, што СК Беларусі распаўсюджвае экстрэмісцкі кантэнт.

sklayk.webp


З усіх «экстрэмісцкіх фарміраванняў» Дзяржаўны памежны камітэт вырашыў далучыцца да Еўр@радыё. Яшчэ чытае «простых экстрэмістаў»: Deutsche W*lle, EX-PR*SSBY і заблакіраванае ў Беларусі «Польск@е радыё». Афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі чытае Еўр@радыё, «Х@ртыю'97», «Бел@рускі партызан», Бел@ПАН, D_W, «Радыё Св@бода», «Зеркал*», T*T.BY. Тут падпісак гадоў на сем калоніі — паводле законаў, якія самі ж беларускія сілавікі праціснулі, а дэпутаты прынялі. Толькі вось не спяшаюцца прымяраць іх дзеянне на сябе.

bychkovskiy.webp


Калі вам здавалася, што Мінюст — гэта абавязкова нешта сур'ёзнае, то не. Хтосьці ў гэтым міністэрстве сапраўды любіць мемы. Інакш як растлумачыць, што яго акаўнт падпісаны на блогераў «Саша 3%», «Грустный Коленька» і «Ч@й з малінавым варэннем»? Яшчэ Мінюст чытае «Беларускі п@ртызан», «Зеркал*», K*KY.ORG. У акаўнта няма «птушачкі», але ён посціць фотасправаздачы з афіцыйных мерапрыемстваў, і на яго падпісаныя іншыя беларускія ведамствы.

minyust_1.webp


Мінінфарм, які заблакіраваў у Беларусі ўсё, да чаго дацягнуўся, падпісаны на «Зеркал*», T*T.by, The Vill@ge. Не абышоў бокам і «экстрэмісцкія фарміраванні» K*KY.ОRG, «Наша н*ва» і «тэрарыста» Антона Матольку.

mininform_1.webp


У Камітэта дзяржкантролю, які кашмарыць бізнес праверкамі, у Твітары ўсяго тры падпіскі. Вось яны: «Новы час», «Грустный Коленька», «Белс@т».

kgk_2.webp

Мінабароны, як і Мінюст, любіць мемы і падпісаны на старонку «Блізкі космас». У яе апісанні — цытата Лукашэнкі: «Вы прасілі дождж — я даў вам дождж!» Таксама Мінабароны чытае «Зеркал*», K*KY.ОRG, T*T.by, «Вясн@», «Бел@ПАН», D_W, «Радыё Св@бода».

minobr_2.webp


Гэта далёка не ўсе ва ўладзе, хто цікавіцца экстрэмізмам. Дыпламаты і амбасады часта падпісаныя на беларускія незалежныя СМІ, абвешчаныя ўладамі «экстрэмісцкімі». Ну а адкуль яшчэ дазнавацца, што насамрэч адбываецца ў краіне? Напрыклад, амбасада Беларусі ў Расіі чытае Еўр@радыё, «Беларускі п@ртызан», «Зеркал*». Амбасадар Беларусі ў Японіі Валерый Калеснік падпісаны на Віктара Бабарыку.

Вылучыліся і прапагандысты, якія так непрымірыма «змагаюцца з экстрэмізмам», што не саромеюцца друкаваць на першай паласе свастыкі: «Мінская праўда» чытае NЕХТ@.

Нічога «экстрэмісцкага» мы не знайшлі ў Генпракуратуры, Нацбанка, Белстата і МАРГа. А КДБ вырашыў наогул нікога не чытаць адкрыта. Разумна.