«Падалося, што яны спецыяльна гэтага хлопца збілі». Відавочцы пра наезд аўто сілавікоў на пешахода
"Падалося, што яны спецыяльна гэтага хлопца збілі", — кажуць відавочцы наезду буса сілавікоў на хлопца, які быў на праезнай частцы праспекта Пушкіна. Каб людзі не падыходзілі блізка, сілавікі ўжылі супраць іх газ і стралялі.
ДТЗ адбылося каля 12.27 у Мінску на праспекце Пушкіна, каля дома № 49. Відавочцы распавялі AUTO.TUT.BY, што спачатку на праезнай частцы была бойка: сілавікі хацелі кагосьці зацягнуць у бус, а чалавек супраціўляўся.
— А тут хлопец выбег на праезную частку, на той бок, што бліжэй да ЗАГСа. Ён нешта кінуў у бок мікрааўтобуса, у які цягнулі людзей. У гэты момант па сустрэчцы з боку "Пушкінскай" ехаў яшчэ адзін сіні бус, пешаход яго нават не заўважыў. Машына правым бокам збіла яго. Мне нават здалося, што кіроўца зрабіў гэта наўмысна, — распавёў адзін з відавочцаў.
Ад удару ў аўтамабіля раструшчылася фара, пешаход упаў так, што з яго ног зляцелі красоўкі. Людзі пачалі крычаць, падыходзіць да аўтобуса. Сілавікі выскачылі з машыны, у некалькіх з іх былі стрэльбы, яны накіроўвалі іх на натоўп і стралялі. Некаторыя распылілі на людзей "нейкую пену, ад якой пячэ вочы".
— Быццам бы збіты хлопец быў без прытомнасці. Сілавікі закінулі яго ў бус і з'ехалі. А людзі забралі красоўкі пацярпелага, гільзы, пабітую фару. Спадзяемся, што з хлопцам усё ў парадку, захаваем яго абутак і вернем яму.