Пад дажджом у Кобрыні прайшоў Марш новай Беларусі (фота)

Нягледзячы на дождж, 23 жніўня каля 500 жыхароў Кобрына на Берасцейшчыне далучыліся да нацыянальнага Маршу за новую Беларусь.

k_23.8.20_3_logo.jpg


Калі ўдзельнікі маршу сабраліся на пляцы Волі ў цэнтры гораду, да іх звярнуўся супрацоўнік Кобрынскага РАУС, маёр міліцыі Міхась Вайтовіч. Ён папярэдзіў, што акцыя несанкцыянаваная. У адказ грамадзяне патлумачылі спадару Вайтовічу, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з’яўляецца народ. Аднак замест таго, каб бараніць народ і яго правы, дзяржава парушае правы грамадзянаў, збівае іх, хлусіць людзям і знявольвае іх. У гэтай сітуацыі дзяржава страціла давер народа, які вырашыў самастойна бараніць свае правы і свабоды.  

k_23.8.20_1_logo.jpg


Маршам пад бел-чырвона-белымі сцягамі па ходніках вуліцаў вакол цэнтру горада прайшлі кобрынчане розных узростаў і прафесій. Яны пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў 10-12 жніўня падчас жорсткіх затрыманняў грамадзян і іх закратавання.

k_23.8.20_5_logo.jpg


Марш суправаджаўся песняй Віктара Цоя «Перамен!» і беларускамоўнай версіяй твору іспанскага барда Луіса Л’яха «Муры», што сталі музычнымі сімваламі сёлетняй Рэвалюцыі годнасці ў Беларусі.

k_23.8.20_4_logo.jpg


Удзельнікі маршу скандавалі «Кобрын, выходзь!», «Лукашэнка, сыходзь!», «Лукашэнку ў аўтазак!», «Пераменаў!», «Свабоду палітвязням!», «Ганьба!», «Не забудзем, не даруем!», «Верым, можам, пераможам» і «Жыве Беларусь!» Месцічы цёпла віталі калону падчас маршу, а часам і далучаліся да яе.  

k_23.8.20_7_logo.jpg


Марш насіў выключна мірны характар. Пратэстоўцы паводзілі сябе інтэлігентна, праяўлялі цярпімасць да іншадумцаў і правакатараў, у адносінах да іх не дапускалі аніякіх праяваў агрэсіўнасці і нядобразычлівасці, а ўвогуле – аніякіх парушэнняў грамадскага парадку. Міліцыянты наглядалі за маршам з аўтамабіляў, але не перашкаджалі пратэстоўцам.


Пасля вяртання на пляц Волі ветэран беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, старшыня Кобрынскай грамадскай каардынацыйнай рады народнага даверу Алесь Мех выказаў спадзяванне, што мірны пратэст грамадзянаў дасць свой плён і прывядзе да пакарання сілавікоў, вінаватых у жорсткіх затрыманнях, збіцці і катаваннях мірных людзей, а таксама да вызвалення палітвязняў і правядзення новых сумленных выбараў галавы дзяржавы.  

k_23.8.20_2_logo.jpg