Па ўсёй краіне — ператрусы ў назіральнікаў за выбарамі-2020

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», цягам некалькіх дзён па ўсёй Беларусі адбываецца хваля ператрусаў і праверак у былых назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Акцыю запалохвання ладзіць Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg_logo.webp

У былых назіральнікаў правяраюць тэлефоны і папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». З імі таксама запісваюць «пакаяльныя відэа».

Праваабаронцы расцэньваюць гэты чарговы напад на грамадзянскую супольнасць як помсту за актыўнасць усіх незалежных назіральнікаў на выбарах 2020 года.

«Вясна» нагадвае, што на будучай электаральнай кампаніі ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвясцілі аб запуску менавіта экспертнай місіі па назіранні за выбарамі без разгортвання сеткі назіральнікаў.

«Мы цяпер вядзем экспертную місію назірання, таму што былі ўпэўнены ў тым, што будуць рэпрэсіі ў адносінах да праваабаронцаў і валанцёраў, і вось яны пачаліся нават без аніякіх падставаў. Гэта наступствы падвышэння ўзроўню рэпрэсій напярэдадні выбараў, яны закрануць так ці інакш усіх палітычна і грамадска актыўных людзей», — заявіў праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка.

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца з 2020 года. Рэжым Лукашэнкі жорстка распраўляецца з любымі праявамі іншадумства.

Напрыканцы лютага стала вядома пра масавыя ператрусы ў членаў Каардынацыйнай рады, якія знаходзяцца за мяжой. Іх кватэры пераварочвалі, шмат якія арыштаваныя ў межах крымінальнай справы.

Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз, у якім паведаміў, што ў межах «справы Каардынацыйнай Рады» ўстаноўлена больш за 100 падазраваных.

У СК заявілі, што больш за сто асоб «прыцягнутыя» ў якасці падазраваных, хаця куды іх прыцягнуць, сказаць складана — усе члены КР, як вядома, знаходзяцца за мяжой.

«Паводле следства, у 2020 годзе верхаводы радыкальных ячэек на тэрыторыі Беларусі, якія кансалідаваліся ў так званую «Каардынацыйную Раду», рабілі актыўныя спробы па захопе дзяржаўнай улады і інтэнсіўна прасоўвалі ідэю гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу. Для ажыццяўлення такой дзейнасці імі ствараліся розныя псеўдаорганы і фарміраванні», — гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта.


Глядзіце таксама

«Гэтыя асобы прызнаныя падазраванымі. У цяперашні час сумесна з МУС праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, у тым ліку ператрусы, накіраваныя на збор доказаў злачыннай дзейнасці. Устанаўліваецца наяўнасць у падазраваных маёмасці і нерухомасці на тэрыторыі нашай краіны з мэтай наступнага накладання арышту. З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытанне аб запуску працэдуры спецыяльнай вытворчасці для забеспячэння прынцыпу няўхільнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, нанесенай злачыннымі дзеяннямі», — адзначалася ў паведамленні.

Нагадаем, «справа Каардынацыйнай Рады» заведзеная паводле шасці «палітычных артыкулаў», уключаючы «здраду дзяржаве».