Хронікі рэпрэсій за 11 снежня
Сілавікі працягваюць ладзіць масавыя затрыманні па ўсёй Беларусі і тэрарызаваць дзяржаўныя прадпрыемствы.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1124 дні, Дзяніс — 1004 дні.
***
У суботу ў Полацку адбылася хваля затрыманняў. Праваабаронцам вядома, што частка іх тычылася Сяргея Ерамеева — затрыманага ў Расіі ў сувязі з выбухамі на БАМе.
Вядома пра выпадкі, калі затрыманне і ператрус прайшлі ў чалавека, які зусім выпадкова кантактаваў з Ерамеевым у апошнія дні. Некалькіх затрыманых выпусцілі, забраўшы тэлефоны, лёс астатніх невядомы. Затрыманні праводзіў КДБ, піша «Вясна».
Сяргей Ерамееў — гэта беларус, якога расійскія ўлады абвінавачваюць у падрыве двух цягнікоў на Байкала-Амурскай магістралі ў Бураціі.
У Беларусі мужчына страціў працу праз палітыку. Сяргей працаваў на «Нафтане» і ўдзельнічаў у страйку ў 2020 годзе. Ён тады быў аператарам прыладаў.
***
Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні мужчыны праз каментары ў чатах. Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў з затрыманым відэа, піша «Медыязона».
На відэа беларуса прымусілі прасіць прабачэння перад сілавікамі, а таксама зачытваць услых каментары, праз якія ён быў затрыманы: «смерць фашыстам», «чакаем войскі NATO, пакажам ім дарогу» і іншыя.
Па якім менавіта артыкуле затрыманы беларус і што з ім цяпер — невядома.
***
У Магілёве 5 і 6 снежня сілавікі правялі масавыя ператрусы. Верагодна, гэта звязана з тым, што КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» два магілёўскія медыя: mogilev.media і 6TV, піша тэлеграм-канал «Mayday».
Паводле папярэдніх звестак, у спісе сілавікоў значыліся Барыс Вырвіч, Аляксандр Агееў, Аляксей Бацюкоў, Ігар Шаруха, Сяргей Антонаў з Быхава і Пётр Мігурскі (інфармацыя ўдакладняецца).
Верагодна, ва ўсіх была канфіскаваная тэхніка і тэлефоны, яны засталіся без сродкаў сувязі.
***
На шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы адбыліся палітычныя затрыманні. Учора сілавікі зноў правялі рэйд супраць супрацоўнікаў шклозавода, і за падпіскі і «лайкі» было затрымана каля 10 чалавек.
У жніўні на шклозаводзе ўжо адбываўся «хапун» — тады затрымалі не меней за 9 чалавек, піша «Вясна».
***
За «лайк» у сацсетках аштрафавалі дыякана гродзенскай баптысцкай царквы Дзяніса Камягіна. Дзяніс — бацька чацвярых дзяцей, выкладчык Гродзенскага медуніверсітэта, дыякан царквы «Святло свету». Яго аштрафавалі на 1110 рублёў, паведамляе «Хрысціянская візія».
***
Палітзняволеная Яна Пінчук ужо пачала адбываць тэрмін у папраўчай калоніі №4. Дзяўчыну экстрадавалі з Расіі ў Беларусь у жніўні 2022 года, нягледзячы на забарону на экстрадыцыю Камітэта ААН па правах чалавека. Ёй выстаўленае абвінавачанне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «Стварэнне або кіраванне тэрарыстычнай арганізацыяй». Справа разглядалася ў закрытым рэжыме цягам двух месяцаў. 6 чэрвеня суд прысудзіў Яну да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле матэрыялаў следства, «Пінчук ужо больш за год займаецца дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў Інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту».
Нядаўна КДБ унёс дзяўчыну ў «спіс тэрарыстаў».
***
Асуджаны на 18 гадоў калоніі Уладзімір Гундар не можа выходзіць на прагулкі ў турме ў Магілёве, бо гумовыя наканечнікі на яго мыліцах сцерліся, а замяніць іх няма чым, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле слоў крыніцы выдання, Уладзіміра Гундара, у якога няма адной нагі, утрымліваюць у адзіночнай камеры. Раней яго выводзілі на шпацыр на мыліцах, цяпер жа гэта стала немагчымым — праз сцёртыя наканечнікі мыліц. Уладзімір напісаў сваякам з просьбай даслаць яму наканечнікі. Іх у турму адправілі, але ці аддалі пасылку зняволенаму — невядома.
Лістоў ад Уладзіміра Гундара сваякі не атрымліваюць ужо тры тыдні, апошні званок быў у лістападзе.
62-гадовы Уладзімір Гундар — фігурант «справы Аўтуховіча». Ва Уладзіміра — інваліднасць другой групы, няма нагі ніжэй за калена. У 2021 годзе суд прысудзіў яго да 3 гадоў калоніі па абвінавачанні ў «гвалце над следчым» (ч. 1 арт. 366 КК). Пазней на тры гады Уладзіміра перавялі на турэмны рэжым.
***
З пачатку года ў Мінску распачалі 18 крымінальных спраў за «здзекі з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК), паведамляе «Медыязона» са спасылкай на прэс-службу Следчага камітэта.
Ведамства адзначае, што «пераважна абвінавачаныя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення і не маглі патлумачыць прычыну сваіх дзеянняў».
Для прыкладу прэс-служба прыводзіць выпадак, які адбыўся 7 ліпеня. У гэты дзень трое падлеткаў 16 і 17 гадоў сарвалі з фасадаў будынкаў два дзяржаўныя сцягі. Маладых людзей затрымалі.
Таксама сілавікі затрымалі 25-гадовы мужчыну, які зняў сцяг з будынка аптэкі на вуліцы Чырвонай. Ён зламаў дрэўка, а палатно панёс з сабой і пазней схаваў яго ў пад'ездзе дома, дзе жывуць яго сябры.
У дачыненні да ўсіх затрыманых распачалі крымінальныя справы «за здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) і «хуліганства» (ч. 1 арт. 339 КК). Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 301 дзень, Максіма Знака — 305 дзён, Мікалая Статкевіча — 304 дні, Ігара Лосіка — 295 дзён, Віктара Бабарыкі — 231 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 160 дзён, Уладзіміра Гундара — 129 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1475 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1669 чалавек. Сярод іх — 183 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.