Інваліды-вазочнікі правялі мітынг на плошчы Бангалор

5 траўня ля сцэнічнай пляцоўкі на плошчы Бангалор сабралося да 100 чалавек, большасць з якіх — інваліды-вазочнікі. Мітынг не меў палітычнага характару — асноўнай яго мэтай было прыцягнуць увагу да праблемы парушэння правоў інвалідаў і недаступнасць патрэбнай ім інфраструктуры. Арганізатарам акцыі выступіла «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў».



588da7a73a2e919a23cb9a419c4c6d44.jpg

5 траўня ля сцэнічнай пляцоўкі на плошчы Бангалор сабралося да 100 чалавек, большасць з якіх — інваліды-вазочнікі. Мітынг не меў палітычнага характару — асноўнай яго мэтай было прыцягнуць увагу да праблемы парушэння правоў інвалідаў і недаступнасць патрэбнай ім інфраструктуры. Арганізатарам акцыі выступіла «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў».
Ва ўсім свеце 5 траўня традыцыйна адзначаецца як Дзень барацьбы за правы інвалідаў. Традыцыя пайшла з 1992 году — тады людзі з абмежаванымі магчымасцямі з сямнаццаці краін адначасова правялі першы агульнаеўрапейскі дзень барацьбы за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі інвалідаў. У Беларусі гэтая дата апошні раз адзначалася мітынгам пяць год таму — у 2007 годзе.
— За гэтыя пяць год нашыя праблемы засталіся тымі ж,  — зазначыў вядоўца мітынгу і старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шэўко. Паводле ягоных слоў, у Беларусі па-ранейшаму парушаюцца асноўныя канстытуцыйныя правы інвалідаў. Пры гэтым, амаль усе парушэнні правоў інвалідаў адбываюцца ў выніку дыскрымінацыі. Ва ўсім свеце вырашыць гэтыя праблемы заклікана адпаведная канвенцыя, але Беларусь дагэтуль яе не падпісала:
— У 2006 годзе ААН прыняла Міжнародную канвенцыю аб правах інвалідаў. На сённяшні дзень да яе далучыліся 153 краіны, у тым ліку ўся Еўропа. Да яе далучылася нават Папуа-Новая Гвінея, а Рэспубліка Беларусь ужо шосты год думае аб тым, ці далучацца да гэтай канвенцыі, — кажа старшыня Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. — У мяне ёсць вялікае пытанне: няўжо мы, людзі з інваліднасцю Беларусі менш вартыя павагі да нашых правоў, чым нашыя суседзі — украінцы, літоўцы, палякі, рускія? Думаю не,  — зазначае ён.
У звароце да прэзідэнта Беларусі, які быў прыняты ўдзельнікамі мітынгу, утрымліваецца просьба падпісаць Канвенцыю. Акрамя гэтага, удзельнікі мітынгу просяць зноў выдзяляць інвалідам асабістыя аўтамабілі з ручным кіраваннем, а таксама прапускаць аўтамабілі інвалідаў праз дзяржаўную мяжу па-за чаргой. Інвалідам — індывідуальным прадпрымальнікам аўтары звароту просяць дазволіць наймаць на працу да трох чалавек, што не з'яўляюцца чальцамі іх сям'і або блізкімі родзічамі. На думку аўтараў звароту, гэткі крок дазволіць зняць важныя праблемы, звязаныя з інваліднасцю.
У адрозненне ад апазіцыйных акцый арганізатарам дазволілі карыстацца гукаўзмацняльнай апаратурай. Пляцоўка не была агароджана турнікетамі і аператыўная відэаздымка не вялася, але за мітынгам назірала некалькі супрацоўнікаў міліцыі.
Сёння каля 20 тысяч беларускіх інвалідаў перасоўваюцца на інвалідных вазках. Агулам на сённяшні момант у Беларусі налічваецца каля паўмільёна інвалідаў.