«Новы Час» прызнаны «экстрэмісцкім» у асобна ўзятай турме?

Як паведаміў у лісце ў рэдакцыю блогер Сяргей Пятрухін, які знаходзіцца ў турме №4 Магілёва, адміністрацыя калоніі адмаўляецца аддаваць яму газету.

48420844_600785463687902_2636202380269453312_n_logo_1_1_1.jpg


«Адміністрацыя маёй роднай турмы паведаміла мне, што я больш не буду атрымліваць у якасці вязня вашу цудоўную газету. “Новы час” прызнаны экстрэмісцкім выданнем, якое распальвае у грамадзян адмоўныя якасці, прыхільнасці і нянавісць», — піша Пятрухін.

Пры гэтым палітвязень адзначае, што сам такога ніколі не заўважаў: «Чытаў вашыя артыкулы з задавальненнем і прагна чакаў наступны нумар».

«З іншага боку, гэты крок уладаў сведчыць аб тым, што канец немінуча набліжаецца. Але шкада, што я застаюся сам-насам з “СБ”. Не хвалюйцеся, я — дарослы дзядзька, і вельмі добра ўмею “чытаць” “СБ” і “глядзець” БТ», — напісаў блогер.

Нагадаем, што гэта ўжо не першы выпадак невыдавання адміністрацыямі турмаў і калоній афіцыйна зарэгістраванай газеты. Раней пра праблемы з дастаўкай «НЧ» пісала Наталля Хершэ, якая знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 4 Гомеля. Там начальнік калоніі вырашыў, што наша выданне «забаронена».

Рэдакцыя «НЧ» адказна паведамляе, што нічога не чула пра прызнанне выдання «экстрэмісцкім». Такі статус выданню прызначаецца толькі рашэннем суда — між тым,  у які-кольвек суд прадстаўнікоў рэдакцыі ніхто не выклікаў і пра такое рашэнне нам нічога не вядома.