Новая правакацыя супраць Андрэя Павука — забойства, якога не было

Увечары 4 кастрычніка на тэлефон блогера, сябра ГА «БАЖ» Андрэя Павука з райцэнтра Акцябрскі пазваніў аператыўны дзяжурны РАУС Алег Дзяменкавец. Спраўджваў, што здарылася.

Андрэй Павук

Андрэй Павук

Забойства, якога не было


Паводле дзяжурнага, у міліцыю паступіў званок нібыта з нумара самога Павука, які і паведаміў, што «забіў сваю жонку Вольгу».
Аператыўнікі на кватэру сям’і Павука не прыязджалі, бо Вольга сама патэлефанавала ў «дзяжурку» райаддзела міліцыі сказаць, што гэта дзікая правакацыя.
«Я запісаў гэтае паведамленне нібыта ад майго імя. Нейкая п’яная ці з добрымі акторскімі задаткамі асоба назвалася маім імем, указала наш з жонкай хатні адрас і паведаміла пра забойства. Голас нізкі, язык заплятаўся. Мяркую, што гэта зрабілі тыя ж самыя рэжысёры, што раней ад майго імя дасылалі ілжывыя паведамленні пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага суда. Трывожна і непрыемна», – кажа Андрэй Павук.


«Андрэй Бараноўскі, што ў раёне дзеецца?!»


Пра вечаровы інцыдэнт Андрэй з Вольгай запісалі для Youtube-канала відэаролік, у якім звярнуліся да дзейнага старшыні Акцябрскага райвыканкама: «Андрэй Бараноўскі, разбярыцеся, што ў раёне дзеецца?!»
5 кастрычніка Андрэй Павук з жонкай наведалі райаддзел міліцыі.
«Мне там адкрыта сказалі, што хулігана не знойдуць – маўляў, не высвеціўся код рэгіёна. Аднак Вольга ўсё адно напісала заяву», – дадае блогер.
«У маёй заяве выказана патрабаванне з трох пунктаў. Па-першае, знайсці зламысніка. Высветліць матывацыю яго тэлефанавання, а таксама ўстанавіць алгарытм выкарыстання тэлефона мужа для супрацьпраўных і небяспечных гульняў», – сказаласлужбе маніторынгу ГА «БАЖ» Вольга Павук.
Новая правакацыя супраць блогера Павука ўчынена на тле разгляду ў судзе яго пазову да міліцыі ў звязку з абвінавачваннем у мініраванні райвыканкама. Праз суд блогер мае спагнаць з Акцябрскага раённага аддзела ўнутраных спраў 25 тысяч рублёў маральнай шкоды.
baj.by