«Нечакана наляцела зіма». У Беларусі зноў не былі гатовы да снегу. Вынік — больш за 1800 пацярпелых
Праўладныя СМІ штогод з гонарам пішуць пра выезд на вуліцы беларускіх гарадоў сотняў адзінак снегаўборачнай тэхнікі, гатовай аказаць супраціў любым катаклізмам. Але калі справа даходзіць да першага снегу, адкрываецца план B: заявіць, што зіма прыйшла нечакана і папрасіць беларусаў выйсці на дапамогу з рыдлёўкамі.
На мінулым тыдні дзяржаўны тэлеканал «АНТ» паведаміў, што спецыяльная тэхніка адрамантавана і падрыхтавана да работы ў розных гарадах Беларусі:
«У арсенале ёсць усё, каб расчысціць дарогі і зрабіць рух камфортным і бяспечным — як для кіроўцаў, так і для пешаходаў. Толькі ў сталіцы прыбіраць снег будуць больш за 700 снегаўборачных машын. Гэта пагрузчыкі, трактары і самазвалы. Чыстымі будуць і тратуары», — паабяцала выданне.
29 лістапада ў Беларусь прыйшоў паўднёвы цыклон «Олівер», які прынёс снегапад і парывісты вецер. Па звестках Белгідрамету, у розных рэгіёнах краіны выпала ад 15 да 40 сантыметраў снегу, што з’яўляецца не дзіўнай крытычнай з’явай, а абсалютна тыповым для Беларусі паказальнікам.
«Выпрабоўвае на трываласць зімовая непагадзь Беларусь», — пафасна апісвае звычайную зімовую завіруху Белтэлерадыёкампанія.
На дарогах праз дрэннае надвор’е спыняўся грамадскі транспарт: напрыклад, у Гомелі ў выніку абрыву кантактнай лініі каля гадзіны стаяла чарга з тралейбусаў. З-за дрэннага абслугоўвання дарог аўтамабілі заносіла на паваротах, колькасць ДТЗ у краіне павялічылася практычна ўдвая. У Крычаве была патрэбна дапамога рэйсаваму аўтобусу, а ў Магілёўскім раёне ратавальнікі дапамагалі аўтакраме прабрацца да аддаленых вёсак. Пад Чавусамі нерасчышчаная дарога забрала жыцці кіроўцы і пасажыра аўтамабіля, якія трапілі пад велізарны аўтобус.
«Заснежаная дарога не даравала памылкі кіроўцу», — піша «АНТ», які яшчэ два тыдні таму абяцаў камфортны і бяспечны рух для аўтамабіляў.
Што датычыцца «чыстых тратуараў», то за мінулыя 9 дзён праз галалёд і холад пацярпелі 1773 беларуса. Абсалютная большасць выпадкаў адбылася праз слізкія сцежкі і падлогі: так, у адной толькі Мінскай вобласці (без уліку Мінску) ахвярамі бязладнасці ўладаў сталі 358 чалавек. 12% пацярпелых не абышліся лёгкімі траўмамі і былі гаспіталізаваны ў стацыянар, прыводзіць статыстыку Мінздраў.
Выключным выпадкам стала непадрыхтаванасць дарожных службаў да зімовага спосабу перасячэння ракі ў Пінскім раёне. Паромная пераправа праз раку Піну, што злучае вёскі Дамашыцы і Жытнавічы, павінна была быць своечасова заменена на баржу, але з замярзаннем вады жыхары трапілі ў пастку.
«На зімовы перыяд замест парома ставяць баржу. Але другі год запар нечакана прыйшла зіма. На рацэ лёд. Баржы няма. І сказалі, што ў бліжэйшы час не чакайце! Саромеюся спытаць: як...» — эмацыйна кажа мясцовая жыхарка на беразе змёрзлай ракі ў відэароліку, што распаўсюдзіўся па сацыяльных сетках.
Афіцыйны сайт Пінска і Пінскага раёна 29 лістапада паведаміў, што «крык аб дапамозе з Дамашыцаў пачуты».
Як улады вырашаюць праблему?
Замест пераўтварэння слоў пра выдатную гатоўнасць да зімы ў рэальнасць, улады традыцыйна перакінулі адказнасць на звычайных беларусаў. Напрыклад, рагачоўская газета «Свабоднае слова» зусім не хавае той факт, што шматлікія жыхары горада не падзяляюць іх канцэпцыю з бязвыплатнай дапамогай гараджан у такі «цяжкі час». Людзі выразна разумеюць, што расчыстка непрыватнай тэрыторыі — задача адпаведных службаў, а не марнаванне часу падаткаплацельшчыкаў.
Прыхільнікам уладаў, несумненна, ідэя вельмі спадабалася, і для прыцягнення дабравольцаў яны зладзілі масу акцый з «арыгінальнымі» назвамі. Такі прыклад падаў індывідуальны прадпрымальнік Уладзіслаў Сафраненка з таго ж Рагачова.
«А чаму б нам не далучыцца да агульнагарадской акцыі “Проста дапамагаем — снег прыбіраем!” і не дапамагчы землякам справіцца са снегам?!» — прапанаваў ён сваім калегам з рытуальнага агенцтва «Нябёсы».
«Маладыя людзі з радасцю падтрымалі гэтую прапанову і, узброіўшыся рыдлёўкамі, адправіліся на дапамогу пажылым рагачоўцам, якія беспаспяхова спрабавалі адкапаць ад белых шматкоў свае прыдамавыя тэрыторыі», — піша «Свабоднае слова».
Іншыя раённыя газеты падхапілі хвалю малебнаў пра дапамогу ў адрас беларусаў. Акцябрскае выданне «Чырвоны кастрычнік» прапануе «проста ўзяць у рукі лапату і расчысціць ад снегу сваю вуліцу». Клімавіцкая раёнка «Родная Ніва» вызнае, што снежная зіма — гэта нармальна, аднак адпраўляць на расчыстку дарог моладзь з «БРСМ» замест камунальных службаў на думку рэдакцыі таксама нармальна.
Супрацоўнікі «Крычаўскага жыцця» адчулі адказнасць уладаў на сваёй скуры: тут праз непрыбраныя вуліцы з двара не мог выехаць службовы аўтамабіль. На відэа бачна, што да прыбірання снегу тэхніка нават не прыступала.
«Журналісты сваіх не кідаюць. Калектыў “Крычаўскага жыцця” спяшыць на дапамогу», — з такімі словамі прыбіралі снежныя завалы прапагандысты.
«Горацкі веснік» звяртаецца да жыхароў горада з просьбай аказаць садзейнічанне і дапамагчы ў расчыстцы ад снегу тэрыторый каля дамоў. Відавочна, што супрацоўнікаў камунальных службаў у горадзе наўпрост не хапае, а малая тэхніка ўвогуле адсутнічае як такая. Галоўнае, адзначаюць выданні, праявіць неабыякавасць і дапамагчы.
Белтэлерадыёкампанія прапанавала далучыцца да чэленджу і зняць відэа з прыбіраннем снегу ў беларускіх гарадах і вёсках:
«Таму рыдлёўкі далёка не хаваем, з музыкай і добрым настроем далучаемся да челленджу ў сацыяльных сетках — #прыбіраемснег».
Цяпер у Instagram існуе больш за тысячу публікацый з такім хэштгам, але ўдакладніць колькасць удзельнікаў цяжка з улікам таго, што буйную частку кантэнту складаюць публікацыі і Reels расійскіх карыстальнікаў. Сыходзячы з фотаздымкаў (мы іх пераглядзелі вельмі шмат), абсалютная большасць прыцягнутых да бязвыплатнай працы — дзеці, жанчыны з начосамі, члены «БРСМ», «Белай Русі» ды іншых арганізацый.
Найбольш арыгінальным спосабам барацьбы з «Оліверам» здзівілі брэсцкія дарожнікі. Тут падчас завірухі ўкладвалі асфальт, публікуе відэа Telegram-канал «Беларусь за МКАДам»:
Што да сталіцы, у Мінску адкрылі 130 пунктаў выдачы інвентару для ўборкі снегу. Яны размешчаны паблізу жылых сектараў і працуюць з 6:30 да 21:00. Усе інструменты можна ўзяць бясплатна, камунальнікі толькі просяць вяртаць інвентар адразу пасля выкарыстання.
Што кажуць гараджане
Мы запыталіся ў беларусаў, з якімі праблемамі яны сутыкнуліся на працягу апошняга тыдня праз неэфектыўнасць працы камунальных службаў. Імёны зменены дзеля бяспекі.
Рыгор, фатограф. Брэст:
«Па сітуацыі са снегам усё як заўсёды: цэнтральныя вуліцы і каля дамоў урада ўсё расчышчана. Дробныя вуліцы ў Менску і тыя, якія далей ад цэнтра, ператвараюцца ў сцяжынкі жыцця, калі людзі самі пратоптваюць сабе дарогу. Уласна сітуацыя як заўсёды, “мы не чакалі, што зімой ідзе снег”».
Аман, бізнесовец. Мінск:
«Вуліцы прыбраны вельмі дрэнна і несвоечасова, службы не паспелі адрэдагаваць на такую колькасць ападкаў. З дарогі ўсё скідваюць на тратуар, таму на ім ляжыць вялікая снежная гара, па якой незразумела як ісці. Гэта галоўная праблема — што ўвесь снег з граззю скідваюць на тратуары.
Аднойчы мы паехалі ў Брэст і патрапілі на эстакаду Заходняга абходу. Сказаць, што там было ісці немагчыма — гэта нічога не сказаць. Па-першае, калі мы ступілі на тратуар, я падумаў, што пад нагамі хрусціць снег, але суровая рэчаіснасць адразу адлюстравала сябе. Гэта быў не снег, а сумесь крышанага лёду, пяска і рэагенту. Гурбы гэтай сумесі ляжалі на працягу ўсяго нашага шляху, прыходзілася пераадольваць іх. размовы пра нейкае безбар’ернае асяроддзе ісці не можа, мы ледзь самі пераадолелі гэты цяжкі маршрут».
Настасся, падарожніца. Мінск:
«Насамрэч, каля майго дому (у раёне Акадэміі навук) дастаткова складана прайсьці, дапамагае тое, што да мяне зранку шмат людзей вытаптвае сьцяжынку. Я разумею, што колькасьці працаўнікоў у камунальнай службе не хапае, бо шмат дзе ў Менску бачыла вялікія сумёты. Я не магу казаць дакладна пра дарогі, таму што я не кіроўца, але мая знаёмая нядаўна не змагла на машыне выехаць са двара».
Уладзь, студэнт. Мінск:
«За апошні тыдзень камунальныя службы працуюць вельмі дрэнна нават па Менску, ня кажучы ўжо пра рэгіёны. У мінулым годзе праца іх была ў разы больш эфектыўнай (хоць усё роўна было за што лаяць)».