«Не здамся гэтай паскудзе». Як каронавірус атакуе Мінск

У Беларусі другі дзень запар фіксуюць рэкордную колькасць хворых на «карону». За суткі, паводле афіцыйных даных, у краіне зарэгістраваныя 1986 пацыентаў з COVID-19. Гэта самая вялікая лічба за ўвесь час пандэміі, распавядае «Салідарнасць».

pik05.jpg

«Наша Ніва» піша: «карона» наступае на Мінск — людзі гадзінамі чакаюць «хуткую». Лекары кажуць, што маштаб абяцае быць большым, чым у мінулым годзе.

Тым часам лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка працягвае змагацца з каронавірусам у бальніцы.

— Толькі што пракапалі, каб збіць тэмпературу пад 39. Такое адчуванне, што гэта ніколі не скончыцца... Буду змагацца, так не здамся гэтай паскудзе, — напісаў Шумчанка ўчора.

Раней стала вядома, што ў былога кіраўніка нядаўна ліквідаванага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» закранута 25% лёгкіх.

Вось што распавёў галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы Дзмітрый Шаўцоў, паведамляе «Народная Воля»:

— У нас у Беларусі пачалася чарговая хваля ковід-інфекцыі. Мы ўпарта працягваем ігнараваць здаровы сэнс і заклікі прайсці вакцынацыю. У 1-й клініцы Мінска 209 пацыентаў з дыягназам COVID, з іх толькі 10 (дзесяць!) прышчэпленыя. І гэта адны з самых лёгкіх пацыентаў з усіх. Спыніце хвалю ковіда! Захавайце сваё жыццё — зрабіце прышчэпку!

Лекар-інфекцыяніст Мікіта Салавейнапісаў у сацсетках:

— Захворванне пайшло ўверх, стацыянары зноў паступова перапрафілююцца, цяжка хварэюць дзеці і ўсё больш маладыя дарослыя без якіх-небудзь фактараў рызыкі, а ў кожным з рэгіёнаў краіны не вакцынаваны і 20%. Многія нашы пацыенты з COVID-19 кажуць, што, вярнуўшыся ў мінулае, абавязкова вакцынаваліся б. На жаль, некаторыя з іх або інфікаваныя ад іх сваякі ўжо ніколі не змогуць зрабіць ніводнай вакцыны... Падумайце пра гэта яшчэ раз і прыміце адно з самых правільных рашэнняў на сённяшні дзень — вакцынуйцеся!