Навукоўцы патлумачылі, чаму стала так шмат камароў
У сацсетках, на форумах і ў чэргах людзі ўсё часцей абмяркоўваюць камароў. Маўляў, у канцы лета развялося іх шмат і кусаюць яны вельмі балюча.
З чым звязаная такая актыўнасць насякомых, навукоўцы распавялі TUT.BY.
Сапраўды, кажуць спецыялісты, у жніўні 2017-га камароў стала заўважна больш, чым, напрыклад, было ў чэрвені. Прычым, не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне. І прычын у гэтага як мінімум дзве — вільготнае лета і перапады тэмператур.
Анатоль Кулак, вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах тлумачыць: камары — гэта насякомыя, якія на стадыі лічынкі вядуць водны лад жыцця, затым — паветрана-наземны. Для размнажэння ім патрэбна вада і пэўныя станоўчыя тэмпературы.
— У гэтым годзе ход тэмператур быў анамальны. Вельмі халодны красавік, прахалодны чэрвень, і толькі ў жніўні надышла спёка, — кажа кандыдат біялагічных навук. — З-за нізкіх тэмператур лічынкі камароў у вадзе развіваліся вельмі павольна. Адпаведна, тэрміны іх вылету запазніліся.
Як правіла, камары пачынаюць турбаваць людзей у чэрвені, ліпені, а часам і ў канцы мая. Аднак у параўнанні з мінулымі гадамі, цяперашняй вясной і два першыя месяцы лета камары амаль не сустракаліся. І зараз, калі пацяплела і яны актывізаваліся, прывыкаць да камароў і складана, і непрыемна.
— На працягу года ў нас з'яўляецца некалькі пакаленняў камароў, — працягвае спецыяліст. — Першае з іх развівалася ў неспрыяльных умовах: халодная вясна і прахалоднае лета, таму іх было няшмат.
Другому пакаленню камароў — цяперашняму — з надвор'ем пашанцавала, і гэта адбілася на іх колькасці.
— Камары — насякомыя халаднакроўныя, іх актыўнасць таксама цесна звязаная з тэмпературамі, — працягвае Анатоль Кулак. — Калі холадна, яны малаактыўны, калі цёпла — актыўнейшыя.
Важна ўлічваць і тое, што гэта лета не засушлівае. Хапае лужын і каляін — як раз той зоны, дзе развіваюцца камары.
— Людзі скардзяцца, што камары сталі неяк мацней кусацца.
— Зараз пік актыўнасці дробных камароў, яны менш прыкметныя, — тлумачыць Анатоль Кулак. — Большы па памеры камар і гучней гудзе, і адчуць яго ды забіць чалавек можа яшчэ на падлёце да цела. Дробных жа мы так не заўважаем, а значыць, іх магчымасць нас пакусаць павялічваецца.
Паводле tut.by