«На закупы» — не часцей за адзін раз на тыдзень
Дзяржпамежкамітэт увёў абмежаванні на ўвоз прадуктаў і алкаголю з-за мяжы.
Новыя правілы ўводзяцца з 1 жніўня.
— Учора ехалі з Літвы. На Каменным Логу мытнік папярэдзіў: з заўтрашняга дня [гэта значыць з 1 жніўня] мяняюцца правілы ўвозу алкаголю: не больш як адзін літр на чалавека. Раней было
тры! — распавяла беларуска, якая перасякала літоўска-беларускую мяжу пешшу.
На форумах ужо пачалося вірлівае абмеркаванне. Адны раяць не панікаваць і дачакацца афіцыйнага дакумента. Іншыя тэлефануюць у пункты пропуску, але там спецыялісты пра новаўвядзенні нічога не
чулі.
На сайце Дзяржаўнага мытнага камітэта няма ніякіх звестак пра які-небудзь прыняты закон або пастанову. Праўда, у прэс-службе Мытнага камітэту паведамілі, што дакумент усё ж ёсць. Але ён для
службовага карыстання. І парэкамендавалі вывучыць метадычныя рэкамендацыі аб увозе прадуктаў харчавання. У гэтым раздзеле і былі выяўленыя змены.
Такім чынам, цяпер дзейнічаюць такія правілы:
— Калі вы перасякае мяжу адзін раз у 8 дзён і радзей, то смела можаце увозіць у Беларусь да трох літраў алкаголю на чалавека;
— Калі вы перасякае мяжу адзін раз у 7 дзён і часцей, то правілы ўжо іншыя. Так, на транспартным сродку (аўтамабіль, цягнік, аўтобус, самалёт) вы можаце завезці ў Беларусь максімум адзін
літр алкаголю на чалавека. Прычым ва ўмовах сказана, што на аднаго чалавека ў гэтым выпадку прыпадае не больш за 5 кілаграмаў прадуктаў, у гэтую вагу таксама ўваходзіць алкаголь;
— Калі вы перасякае мяжу часцей чым раз на 7 дзён і пры гэтым з'яўляецеся пешаходам або веласіпедыстам, то на аднаго чалавека дапускаецца ўвоз у Беларусь не больш за 0,5 літра
алкаголю.