На працоўным месцы затрымалі лекара Руслана Бадамшына

У студзені Руслана Бадамшына асудзілі на 15 сутак, але ён усё не адсядзеў, бо хварэў на каронавірус. Аднак дзе цяпер знаходзіцца лекар і па якой прычыне яго затрымалі, пакуль не вядома, піша TUT.BY.

Руслан Бадамшын

Руслан Бадамшын

5 сакавіка на працоўным месцы затрымалі лекара РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Руслана Бадамшына, якога ў студзені асудзілі на 15 сутак арышту. Пра гэта TUT.BY паведаміла яго жонка Таццяна.

— Руслан патэлефанаваў і папярэдзіў, што яго выклікалі да начмеда і не выключана, што прыйшлі за ім. Потым мне патэлефанаваў загадчык аддзялення і паведаміў, што мужа забралі, — распавяла TUT.BY Таццяна Бадамшына.

Дзе цяпер знаходзіцца яе муж і па якой прычыне яго «забралі», Таццяна не ведае.

У студзені Руслана Бадамшына затрымалі па дарозе з паліклінікі і асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Тады лекар хварэў на COVID-19, двое сутак ён правёў на Акрэсціна, але пасля суда яго адпусцілі. Яму засталося адбыць яшчэ 13 сутак арышту.

Са жніўня 2020 года Руслан Бадамшын быў затрыманы тройчы. У суме ён правёў пад арыштам 34 дні. Руслан Бадамшын — неўролаг, у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ён працуе на пасадзе лекара функцыянальнай дыягностыкі, спецыялізуецца на спадчынных і набытых нейрацяглічных захворваннях, у тым ліку працуе з пацыентамі з СМА.

Паводле tut.by