На Мікалая Аўтуховіча працягвае ціснуць адміністрацыя гродзенскай турмы

На палітвязня Мікалая Аўтуховіча, якому 17 кастрычніка прысудзілі 25 гадоў калоніі, працягвае ціснуць адміністрацыя гродзенскай турмы № 1. Ягоныя знаёмыя паведамляюць, што да яго два месяцы не прыходзяць супрацоўнікі, у якіх ён можа зрабіць замову прадуктаў у турэмнай краме. 

avtuhovich09_logo_1.jpg


Таму, «хоць грошы на рахунку ёсць, ён зноў не можа набыць сабе нават ваду і туалетную паперу». Акрамя гэтага яму працягваюць блакіраваць ліставанне.
Мікалай у лістах просіць дасылаць яму замест фруктовых пюрэ садавіну (цяпер прымаюць толькі яблыкі, грушы, лімоны, апельсіны, мандарыны). Таксама можна класці пустыя канверты, маркі, налепкі, асадкі і паперу.
Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы затрымалі яшчэ ў снежні 2020 года. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.
У залежнасці ад іх ролі ўдзельнікаў «групы Аўтуховіча» абвінавацілі агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы склалі 65 тамоў. Справу разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівалі намесніца пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.
Паводле версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і ўдзельнікі арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя ўдзельнікі злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна сабралі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.
Абвінавачванне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых ад іх звестак.
 Суд па «справе Аўтуховіча» распачаўся 18 траўня. Усіх фігурантаў справы ўключылі ў «тэрарыстычны спіс» КДБ.
17 кастрычніка суддзя Максім Філатаў прысудзіў фігурантам «справы Аўтуховіча» агулам 197 гадоў і 7 месяцаў калоніі і амаль 100 тысяч долараў штрафаў, падлічылі праваабаронцы.
Мікалаю Аўтуховічу, якога абвінавачвалі па 12 артыкулах, у ліку якіх «здрада Радзіме» і «акт тэрарызму» — 25 гадоў і штраф у тысячу базавых велічынь (32 000 рублёў). Першыя пяць гадоў ён будзе знаходзіцца ў турме, астатні тэрмін — у калоніі. Таксама рашэннем суда Мікалай Аўтуховіч пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.
 Да разгляду апеляцыйнай скаргі вы можаце падтрымаць фігурантаў «справы Аўтуховіча» пасылкамі, нават медыцынскімі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці.
Адрас для падтрымкі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.