На чым багацеюць у Беларусі расейскія алігархі
IT-галіна і рознічны рынак — два галоўныя кірункі, якія ў апошняе дзесяцігоддзе прыцягвалі буйны расейскі прыватны бізнес у эканоміку Беларусі. «Заўтра тваёй краіны» вывучыла, у якія праекты ў гэты перыяд інвеставалі на тэрыторыі нашай краіны расейскія мільярдэры і мільянеры са спісу Forbes Russia.
Згодна з апошняй версіяй рэйтынгу часопіса, апублікаванай вясной гэтага года, актывы на тэрыторыі Беларусі мелі блізу 20% з першых двух сотняў самых багатых бізнесоўцаў Расеі. Сярод самых вядомых з іх – лідары топ-200 металургі Аляксей Мардашоў і Уладзімір Лісін, нафтавікі Вагіт Алекпераў і Леанід Федун, уладальнікі «Альфа-груп» Міхаіл Фрыдман, Аляксей Кузьмічаў, Пётр Авэн і Андрэй Косагаў, які трапіў з-за цесных сувязяў з беларускімі ўладамі пад санкцыі Міхаіл Гуцарыеў, заснавальнікі холдынгу «Технониколь» Сяргей Калеснікаў і Ігар Рыбакоў, браты-страхавальнікі Мікалай і Сяргей Саркісавы.
З бізнесменаў-старажылаў, якія асвойваюць беларускі рынак з 1990-х і 2000-х гадоў, у апошняе дзесяцігоддзе актыўнасцю вылучыліся толькі Уладзімір Еўтушэнкаў і Алішэр Усманаў. АФК «Сістэма» першага інвеставала ў сетку крам «Детмир» (у 2020 годзе бізнесовец, праўда, выйшаў з гэтага праекта) і прывяла онлайн-рытэйлера Ozon. Mail.Ru Group, у якой Усманаў з'яўляецца адным з бенефіцыяраў, праз інвестыцыйны фонд уклала грошы ў некалькі маладых беларускіх геймдэўкампаній.
Новыя інтарэсы ў Беларусі Уладзіміра Еўтушэнкава і Алішэра Усманава супадаюць з напрамкамі дзейнасці большасці прадстаўнікоў спісу Forbes Russia, якія ўпершыню інвеставалі ў беларускі рынак на працягу 2011-2021 гадоў. Гэта – мясцовая розніца і IT-галіна з іншымі высокімі тэхналогіямі. Як падлічыла «Заўтра тваёй краіны», з 14 пачаткоўцаў беларускага рынку, якія зʼявіліся са сваімі кампаніямі за апошнія дзесяць гадоў, памкненні 12 былі сканцэнтраваны менавіта на гэтых двух сегментах.
Розніца нарасхват
У «форбсаўскім» топ-200 фігуруюць пяць мільярдэраў-рытэйлераў, якія распачалі за мінулае дзесяцігоддзе бізнес на беларускім рынку.
У іх ліку самая багатая бізнесвумэн Расіі, асноўны ўладальнік анлайн-прадаўца Wildberries Таццяна Бакальчук.
Wildberries пачаў працу на беларускім рынку ў 2012 годзе і сёння па сваёй долі ў электронным гандлі нехарчовымі таварамі займае тут другое месца. У другой палове 2010-х рытэйлер дыверсіфікаваў асартымент і прапануе пакупнікам, акрамя адзення і абутку, электроніку, дзіцячыя тавары, тавары для дома.
Сяргей Ламакін і Арцём Хачатран сталі даляравымі мільярдэрамі як акцыянеры найбуйнейшай расейскай сеткі магазінаў фіксаваных цэн Fix Price. Яна выйшла на беларускі рынак у другой палове 2010-х і зʼяўляецца сёння найбуйнейшым гульцом у гэтым гандлёвым сегменце.
У 2017 годзе ў Беларусі зʼявіўся першы «жорсткі дыскаўнтар» ад сеткавага праекта «Святлафор», які стварылі, валодаюць і развіваюць Валянціна Шнайдэр і яе сямʼя. У беларускай сеткі «Святлафора» больш за 50 гандлёвых кропак. Ён таксама ўваходзіць у лік лідараў у гэтым рознічным фармаце.
Яшчэ адзін рознічны праект-сетка Kari — на Беларусь у 2013 годзе пачаў маштабаваць экс-уладальнік сеткі электронікі і бытавой тэхнікі «Эльдарада» Ігар Якаўлеў. Яго крамы прапануюць беларускім пакупнікам абутак, дзіцячыя тавары і ювелірныя вырабы.
«Праграмнае» ўкараненне
Пералік расейскіх інвестараў, якія за гэты перыяд уклалі грошы ў высокатэхналагічныя галіны, яшчэ больш шырокі.
Па-першае, гэта мільярдэры браты Дзмітрый і Ігар Бухманы, стваральнікі Playrix – аднаго з сусветных лідараў па распрацоўцы і выпуску мабільных гульняў.
У канцы 2010-х гадоў яны спачатку адкрылі ў Беларусі цэнтр распрацоўкі сваёй кампаніі, а потым выкупілі долю ў самым паспяховым беларускім паблішэры гульняў Vizor Games.
Даччыную кампанію ў Менску ў 2013 годзе адкрыў адзін з самых вядомых расейскіх распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння «1С». Багацце яе заснавальніка Барыса Нураліева ў 2021 годзе было ацэнена амаль у мільярд (950 млн) даляраў.
З пачатку 2010-х гадоў у Беларусі працуе цэнтр распрацоўкі самай дарагой кампаніі Рунэту «Яндэкс», а таксама некалькі яго сэрвісаў, з якіх вылучаюцца «Яндэкс.Таксі» і нядаўна распачала працу «Яндэкс.Ежа». Расейскія ўладальнікі холдынгу «Яндэкс», якія ўваходзяць у топ-200 расейскага Forbes, – Уладзімір Іваноў і Аркадзь Волаж.
У 2013 годзе беларускія ўлады заклапаціліся стварэннем нацыянальнага інфраструктурнага аператара ў Інтэрнэце. Іх партнёрам у кампаніі BeCloud стаў саўладальнік кампаніі Globaltrans Канстанцін Нікалаеў. Сёлета BeCloud стаў адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны.
Яшчэ адзін інвестар у беларускі IT-заснавальнік кампаніі SD Ventures Дзмітрый Волкаў. У Беларусі SD Ventures мае цэнтр распрацоўкі, а таксама ўклала грошы ў некалькі стартапаў, самы вядомы з якіх Flo.
Аўтсайдэры-традыцыяналісты
Саід Гуцэрыеў да сярэдзіны гэтага года таксама фігураваў у якасці інвестара ў беларускі IT-сектар. Разам з Віктарам Пракапеням ён зʼяўляўся саўладальнікам крыптабірж Currency.com і Capital.com, але ў выніку прадаў сваю долю.
Цяпер яго актыў у Беларусі – гэта «Парытэтбанк», які ён выкупіў у дзяржавы ў 2020 годзе.
Адзіны новы буйны расейскі інвестар са спісу Forbes, які за апошняе дзесяцігоддзе ўклаўся не ў розніцу і не ў IT, гэта саўладальнік вытворцы кармоў ГК «Садружнасць» Аляксандр Луцэнка. Бізнесоўца, які мае беларускі пашпарт, пабудаваў у Смаргоні алейнаэкстракцыйны завод і лагістычны комплекс і інвеставаў у найбуйнейшы ў краіне прыватны грузавы чыгуначны парк.
Паводле zautra.by