«Мы яго пераконвалі-пераконвалі…» Гісторыя пра адхіленага суддзю Вярхоўнага суда

Звольнены з Вярхоўнага суда Мікалай Бабкоў быў сапраўдным магільшчыкам беларускіх партый і грамадскіх аб’яднанняў. Спачатку Міністэрства юстыцыі адмаўляла ім у рэгістрацыі, а пасля Бабкоў год за годам адхіляў іх скаргі. У 2007 годзе так адбылося з Саюзам левых партый, у 2011-м з «Гавары праўду». А ў 2017 годзе цяпер ужо былы суддзя адхіліў скаргу АГП на пісьмовае папярэджанне Мінюста.

Фота: Adam Quirk / www.flickr.com

Фота: Adam Quirk / www.flickr.com

У 2014 годзе колішні суддзя Канстытуцыйнага суда, юрыст Міхаіл Пастухоў спрабаваў зарэгістраваць у Беларусі праваабарончую арганізацыю «Пакт». Яна мусіла абараняць правы людзей, якія звярталіся ў Камітэт ААН па правах чалавека.
«Нас было больш за 50 чалавек, а калі больш дакладна — 59. І мы вырашылі дамагчыся, каб Беларусь выконвала свае абавязкі і лічылася з рашэннямі Камітэта ААН па правах чалавека», — распавядае Міхаіл Пастухоў.
«Не зарэгістравалі нас па абсалютна фармальных падставах, — працягвае Пастухоў. — У аднаго з заснавальнікаў недакладна быў указаны тэлефон, а яшчэ ў аднаго — нумар кватэры. Гэта здарылася, бо тэкст з рукапісных аркушаў перанабіралі. А яны ўзялі, і ўсе гэтыя дробязі праверылі».
«Пакт» абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе. Справа трапіла да Мікалая Бабкова.
«Мы яго пераконвалі-пераконвалі, што рашэнне Мінюста — незаконнае… Прыводзілі шмат аргументаў, спасылаліся і на нашае заканадаўства, і на міжнароднае, — прыгадвае Пастухоў. — Але Бабкоў усіх уважліва паслухаў і вынес “правільнае” рашэнне — у нашай скарзе адмовіць. Пасля мы з супрацоўнікамі суда размаўлялі, яны разводзілі рукамі: ну вы ж разумееце…»
На гэты момант Камітэт ААН па правах чалавека вынес 104 рашэнні супраць беларускай дзяржавы — на карысць грамадзян краіны. Адзін з такіх грамадзян — сам Міхаіл Пастухоў, які здолеў даказаць у міжнароднай структуры, што быў адхілены ад пасады суддзі незаконна. Але Беларусь, хаця і з’яўляецца адной з краін-заснавальніц ААН, рашэнні Камітэта па правах чалавека не выконвае.
На думку Міхаіла Пастухова, фармулёўка «за правіну, несумяшчальную са знаходжаннем на дзяржаўнай службе», з якой звольнілі Бабкова, сведчыць пра нейкае сур’ёзнае здарэнне — «на мяжы дысцыплінарнага парушэння і крымінальнага злачынства». «Суддзі Вярхоўнага суда знаходзяцца на асобым рахунку і могуць разлічваць на адносную абарону дзяржавы, якой служылі. Таму могуць прыкрыцца такой фармулёўкай — учынак, несумяшчальны са статусам суддзі», — падсумоўвае колішні суддзя Канстытуцыйнага суда.
Паводле euroradio.fm