Мужчына, які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці, ужо месяц знаходзіцца ў непрытомным стане
22 студзеня мінчук Павел Банькоўскі выйшаў на плошчу Незалежнасці і падпаліў сябе. Яго выратавалі, але дыягнаставалі 72% апёкаў цела і цяжкія апёкі галавы. Як правіла, гэта фактычна смяротны прысуд — але Павел яшчэ жывы.
Сябры і былая жонка меркавалі, што прычынай маглі стаць
падаўлены стан мужчыны, яго праблемы з алкаголем, а таксама падзеі ў краіне.
Праз некалькі дзён пасля здарэння экс-жонка Паўла казала, што дактары даюць
сумны прагноз: 1%, што мужчына выжыве.
Але ж 1 сакавіка Павел жывы. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў
бальніцы. У якім стане мужчына, невядома — цяпер былая жонка адмаўляецца ад
каментроў для СМІ.
Яна паведаміла «Нашай Ніве», што «дасць каментар, як будуць
добрыя навіны». Адпаведна, можна зрабіць выснову, што Банькоўскі па-ранейшаму ў
непрытомным стане.
Паводле слоў сяброў, Паўла ўвялі ў штучную кому адразу пры
шпіталізацыі, цяпер яму перыядычна робяць перасадку скуры.