Мінскі школьнік, які парэзаў настаўніцу, пакараны 8 гадамі зняволення
У Мінскім гарадскім судзе агалошаны прысуд гімназісту Данату Скакуну паводле справы аб нападзе на настаўніцу.
Непаўнагадовы Данат Скакун прызнаны вінаватым у замаху на забойства з асаблівай жорсткасцю. Суд прыгаварыў яго да пазбаўлення волі на 8 гадоў.
Прысуд вынесла судовая калегія на чале з суддзёй Зінкевіч. Фота- і відэаздымкі ў судзе забаранілі, у тым ліку падчас агалошання прысуду.
Бацькі Даната Скакуна сказалі, што будуць абскарджваць прысуд, а ад каментару адмовіліся.
Пацярпелая Валянціна Губарэвіч не адказала на пытанне, ці яна задаволеная прысудам. «На судзе я прасіла для Даната мінімальнага пакарання», — сказала пацярпелая настаўніца. Паводое яе, у 74-й мінскай гімназіі, дзе яна працягвае працаваць, выхаваўчы працэс наладжаны добра, а прычыну канфлікту з вучнем яна бачыць у сям’і.
svaboda.org